Раман Юргель: Няма размовы пра незалежнае назіранне на выбарах



Больш за сто заявак на назіранне на выбарчых участках накіравалі прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па Гарадзенскай вобласці. Але, падачы заяўкі – не адно і тое ж з акрэдытацыяй на назіранне. У святле пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі №115, шанец незалежным назіральнікам бесперарыўна назіраць ўсе дні датэрміновага галасавання і ў дзень галасавання вельмі нязначны.

Кажа Раман Юргель – прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”:

– Зарэгістраваныя назіральнікі ад праўладных грамадскіх арганізацый: БРСМ, Беларускі саюз жанчын, “Белая Русь” і ад структур прафсаюза ФПБ. Там ужо ёсць пяць чалавек. Бо на датэрміновым галасаванні можа прысутнічаць тры назіральнікі, у асноўны дзень – пяць назіральнікаў.

У выбарчых камісіях супакайваюць, што акрэдытаваныя назіральнікі могуць дапускацца да назірання па чарзе ў датэрміновы і асноўны час галасавання. У такім выпадку, як цвердзяць прадстаўнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, размовы ня можа весціся пра незалежнае назіранне „выбараў 2020”. Гэта першы такі выпадак за дваццаць гадоў назірання:

– ЦВК устанавіла графік прысутнасці назіральнікаў на выбарчых участках. Носіць ён рэкамендацыйны характар. Паясняе Ярмошына, што гэта вызвана інтарэсамі бяспекі членаў гэтых УВК і гэта супрацьэпідэміялагічныя захады такія, каб і выбаршчыкі не заразіліся, і хворыя не прыйшлі на ўчастак, каб камісія таксама не захварэла на каронавірус. Як будуць складаць графік? Хто першы патрпіў у гэтую УВК за ноч, хто першы, той лепшы.

Яшчэ незалежныя кампаніі ў Гародні: кампанія „Права выбару” ў Гарадзенскай вобласці мае каля сямі дзясяткаў заявак на назіранне, а  кампанія „Сумленныя людзі” – лічба, магчыма, большая ўдвая.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня