Рамзан Кадыраў прыляцеў у Менск



Дэлегацыя Чачэнскай Рэспублікі на чале з Рамзанам Кадыравым прыбыла ў Менск. Гэта першы афіцыйны візіт у Беларусь лідара Чачні. У праграме візіту — сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм`ер-міністрам Андрэем Кабяковым.

Як паведамілі ў пасольстве Расейскай Федэрацыі, у склад дэлегацыі таксама ўваходзяць старшыня ўрада Руслан Эдэльгерыеў і кіраўнік парламента Чачні Магамед Даудаў.

Чакаецца, што падчас сустрэч „будуць прадметна абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва”, паведаміў на брыфінгу 21 верасня прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык. Паводле яго слоў, гаворка, у прыватнасці, пойдзе аб паглыбленні прамысловай кааперацыі, пастаўках у Чачэнскую Рэспубліку грузавой, сельскагаспадарчай і пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці, актывізацыі супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе, павелічэнні паставак прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі, прыцягненні беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтва аб`ектаў у Чачні, нарошчванні экспарту беларускіх будаўнічых матэрыялаў.

Пра свой намер наведаць Беларусь Кадыраў заяўляў яшчэ ўвосень 2016 года. Спачатку — 17 лістапада, адразу пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расійскім СМІ. Лукашэнка на ёй расказаў, што Кадыраў двойчы меў намер наведаць Беларусь, але кожны раз яму заміналі нейкія акалічнасці. „Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, — напісаў Кадыраў у „Твітэры”. — Прызнаю віну. Абавязкова прыеду ў Мінск, калі дазволіць ваш працоўны графік. А ў Чачні мы вас чакаем заўсёды!”

20 лістапада ў інтэрв`ю тэлеканалу „Беларусь 1” Кадыраў пацвердзіў свой намер прыехаць у Менск. „На самой справе мы, як сказаў прэзідэнт, два разы збіраліся. Нас запрашалі. Спецыялісты па розных кірунках працавалі. На вялікі жаль, у нас не атрымалася, па розных прычынах. Я абавязкова збіраюся паехаць у Беларусь тады, калі будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі”, — сказаў чачэнскі лідар.

Ён таксама пацвердзіў сваё запрашэнне Лукашэнку наведаць Чачню. „Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна, таму што на Каўказе, у Расіі яго вельмі любяць і паважаюць. Аляксандр Рыгоравіч — паважаны чалавек. Мы бачым, як ён абараняе інтарэсы сваёй дзяржавы. Кіраўніцтва Беларусі паказвае, што, як яны, ніхто не хварэе за народ Беларусі, за дэмакратыю і росквіт”, — заявіў Кадыраў. БелаПАН