Расейскага пасла абсмяялі за няўдалы тролінг ЗША



Пасол Расеі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Якавенка паспрабаваў патроліць ЗША, але быў абсмяяны сам.

Расейскі дыпламат у сваім Twitter раскрытыкаваў ультыматум ЗША Іраку пра супрацоўніцтва з Расеяй, праілюстраваўшы гэта кадрам з галівудскай камедыі.

„Тэрарысты, мабыць, цешацца”, – напісаў Якавенка.

Пасол, падобна, не зразумеў, што выдаў за ісламскага тэрарыста экраннага наркамана з камедыі „Гаральд і Кумар: Уцёкі з Гуантанама”.

На паведамленне расейскага дыпламата адрэагаваў актор Кэл Пэн, фота якога ён і змясціў. У фільме герой Пэна для жарту апранае накладную бараду і цюрбан, пасля чаго робіць выгляд, што адбываецца катастрофа самалёта, прыводзячы ў жах пасажырку насупраць.

Актор прызнаўся, што не мог перастаць смяяцца, калі ўбачыў, што пасол усур’ёз выкарыстаў гэтую карцінку.

Пазней да „гутаркі” далучыўся афіцыйны профіль пасольства РФ у Вялікабрытаніі, дзе падкрэслілі, што знайсці сапраўднага тэрарыста, які смяецца, не так проста.

Што праўда, іншыя карыстальнікі Twitter, якія назіралі за дыялогам расейцаў з акторам, хутка знайшлі ўсмешлівага тэрарыста” – баевіка па мянушцы Матарола.

tabloid.pravda.com.ua