Расейскай амбасадзе не паведамлялі аб затрыманні грамадзян РФ у Беларусі
Дыпламатычнаму прадстаўніцтву Расейскай Федэрацыі ў Менску не паведамлялі аб затрыманні грамадзян РФ на беларускай тэрыторыі, адзначаецца ў «Твітэры» амбасады.
«Амбасада не атрымлівала афіцыйнага паведамлення аб затрыманні расейскіх грамадзян на тэрыторыі РБ. Запыталі афіцыйную інфармацыю ў кампетэнтных органаў Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што ў ноч на 29 ліпеня супрацоўнікамі праваахоўных органаў Беларусі затрыманыя пад Менскам 32 грамадзяніны Расеі, як сцвярджаецца, баевікі гэтак званай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні Беларусі. У паведамленні агенцтва прыводзяцца іх імёны і прозвішчы.
«Як расказалі ў праваахоўных органах, была атрыманая інфармацыя аб прыбыцці на нашу тэрыторыю больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі становішча ў перыяд выбарчай кампаніі, – гаворыцца ў паведамленні інфармагенцтва. – Пры сабе расейцы мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх – тры вялікія цяжкія чамаданы, загрузку якіх у транспартны сродак ажыццяўлялі некалькі мужчын».
Пасля прыбыцця ў Менск у ноч з 24 на 25 ліпеня група засялілася ў адну з гасцініц сталіцы і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёна.
«Паводле звестак адміністрацыі санаторыя, прыезджыя звярнулі на сябе ўвагу нехарактэрнымі для расейскіх турыстаў паводзінамі і аднастайным адзеннем у стылі мілітары. Спіртнога не ўжывалі, забаўляльных устаноў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі. Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і акружэнне санаторыя. Сёння ўначы 32 чалавекі сіламі групы «А» КДБ пры падтрымцы АМАП ГУУС Мінгарвыканкама былі затрыманыя. Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны. У дачыненні да названых асоб Следчым камітэтам праводзіцца праверка», – паведамляе дзяржагенцтва.