Расейская авіябаза стала прадметам гандлю?
“Беларускія ўлады могуць гандлявацца за авіябазу і з Расеяй, і з Захадам”, – мяркуе экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.
З вуснаў беларускіх чыноўнікаў у апошні час гучыць, што расейская авіябаза ў Беларусі не да патрэбы, але словам у нас ужо даўно ніхто не верыць. Як яно будзе на самой справе?
Рыгор Кастусёў: Мяркую, што не ўдасца беларускім уладам адбіцца ад жадання Масквы размясціць у Беларусі сваю авіябазу. Натуральна, у такой сітуацыі беларускі рэжым і яго атачэнне пастараюцца як мага больш пагандлявацца, і як мага больш нагандляваць. Гэта пытанне, безумоўна, палітычнае, але для нашых уладаў яно яшчэ і эканамічнае. У эканоміцы адбываецца вельмі імклівае падзенне, прагнозы паказваць, што зніжэнне УВП у адносінах да паказчыкаў мінулага года адбудзецца да 7 адсоткаў. Адназначна, што папаўненне бюджэту знізіцца і, каб утрымацца на плыву, уладзе спатрэбяцца крэдыты. І Беларусь паспрабуе іх атрымаць, як ад Масквы, так і ад Захаду.
РР: Чым небяспечна размяшчэнне авіябазы?
Рыгор Кастусёў: Я лічу, што размяшчэнне авіябазы ў краіне і стане тым Рубіконам, пасля якога ўжо адваротныя працэсы не пачнуцца, будзе пачаткам поўнага далучэння краіны да Расеі. Гэтая сітуацыя вельмі небяспечная! Гэта будзе здача і здрада нашай незалежнасці. Масква цісне ў гэтым пытанні, яна гэта рабіла і раней. Па маёй інфармацыі, такія ж перамовы ішлі яшчэ ў 2010 годзе, перад прэзідэнцкай кампаніяй. Тады справа неяк заціхла сама па сабе, але зараз, перад чарговымі выбарамі, тэму расейскай авіябазы ізноў дасталі са старога сундука. Мне падаецца, што афіцыйны Менск фактычна ўжо пагадзіўся на размяшчэнне гэтай авіябазы. Мы не бачым шырокай кампаніі ў дзяржаўных СМІ супраць базы, а значыцца пытанне практычна вырашанае. Ціхія пратэсты чыноўнікаў, думаю, нічога не вырашаюць. Тым больш, што гэта нават не пратэсты, а звычайны гандаль.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя