Расейская авіябаза з’явіцца ў Бабруйску ў 2016 годзе



Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Ваенна паветраных сіл Расеі Віктар Бондараў.

Як адзначае беларускі ваенны эксперт і аглядальнік газеты Беларусы і рынак Аляксандр Алесін, пра размяшчэнне ў Беларусі ваеннай авіябазы дамовіліся яшчэ год таму кіраўнік Беларусі і расейскі міністр абароны.

Аднак з месцам размяшчэння пэўнасці не было:

– Спачатку расейцы выбралі Ліду, дзе ў нас базуецца штурмавая авіябаза. Пасля мы нечакана даведаліся, што ім больш падыходзяць Баранавічы, там сапраўды 61-ая база беларуская стаіць, якая лятала на тых жа самалётах СУ-27, якія расейцы плануюць да нас перакінуць.

Аляксандр Алесін звязвае размяшчэнне авіябазы ў Бабруйску з пастаўкай Польшчы сучасных крылатых ракетаў:

– На ўзбраенні авіяцыі Польшчы ў бліжэйшы час крылатыя ракеты ПДМ 158, дальнасць якіх, па некаторых дадзеных да 500 кіламетраў. І, у прынцыпе авіябаза ў Баранавічах з тэрыторыі Польшчы робіцца дасягальнай. Таму, магчыма, расейцы вырашылі перанесці сваю базу далей на ўсход.

На тэрыторыі Беларусі ужо нясе службу звяно расейскай авіяцыі, якое размяшчаецца ў Баранавічах і змяняецца што два месяцы. Акрамя таго ў Беларусі размешчаныя расейскія радыё-лакацыйныя станцыі ў Вілейцы і Ганцавічах.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя