Расейская база ў Беларусі – плата за падтрымку Крамля?
“Размяшчэнне расейскай вайсковай авіяцыйнай базы ў Беларусі – гэта спроба загнаць нашую краіну ў яшчэ большую кабалу,” – лічыць намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. “Расейскія кіраўнікі аказваюць ускосную падтрымку Аляксандру Лукашэнку ў ягоным пераабранні на чарговы тэрмін. А размяшчэнне базы – гэта тая плата, якую існы рэжым павінен заплаціць Расеі за права далей дамінаваць і кіраваць на нашай тэрыторыі”:
– Рух “За свабоду” вельмі негатыўна ацэньвае спробы пашырэння расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Ужо некалькі гадоў расейскія вайскоўцы працуюць на тэрыторыі Беларусі ў базах, размешчаных каля Баранавічаў. Натуральна, што размяшчэнне ўдарнай групіроўкі авіяцыі – гэта не спроба абараніць інтарэсы Беларусі ці нават Расеі, а пляцоўка для пагрозы дэмакратычным заходнім краінам.
“Мы лічым, што любая вайсковая прысутнасць замежных дзяржаваў, перадусім дзяржаваў-агрэсараў, – а на сёння такім агрэсарам выступае менавіта Расея, – на тэрыторыі Беларусі – недапушчальная”, – сказаў Юрась Губарэвіч.
Палітык падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі павінны дзейнічаць нормы Канстытуцыі Беларусі, якая наўпрост забараняе любую прысутнасць замежных вайсковых частак на нашай тэрыторыі ды абвяшчае Беларусь нейтральнай дзяржавай.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск