Расейская дзелавая газета „Ведомости” назвала Ціханоўскую „Персонай года”
Рэдакцыя расейскай газеты „Ведомости” прызнала экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую „Персонай года” ў намінацыі „Прыватная асоба”.
Абгрунтоўваючы свой выбар, рэдакцыя піша: „Ад хатняй гаспадыні да сімвала беларускага пратэсту — кар’ера Святланы Ціханоўскай была ў 2020 г. імклівай. Але сама яна нічога такога не планавала — біяграфію ёй зрабілі беларускія ўлады. Муж Святланы, апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі, спачатку не быў дапушчаны да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, а потым адпраўлены за краты. Вось тады замест яго на выбары і пайшла жонка. Паводле афіцыйных звестак, на выбарах 9 жніўня Ціханоўская набрала 10% галасоў супраць 80% у Аляксандра Лукашэнкі. Каардынацыйная рада беларускай апазіцыі і пратэстоўцы ўпэўненыя, што як раз Ціханоўская атрымала большасць, а дзейны прэзідэнт ёй з трэскам прайграў. Неўзабаве пасля выбараў улады вымусілі яе пакінуць краіну і запісаць відэа з адмовай ад палітычнай дзейнасці. Але ў Літве Ціханоўская абвясціла сябе „абраным народам прэзідэнтам” і заручылася падтрымкай Захаду — выступала ў Еўрапарламенце, сустракалася з рознымі сусветнымі палітыкамі і заклікала ЕС увесці санкцыі супраць Беларусі”.
„Сама сябе Ціханоўская ацэньвае цяпер як пераходнага лідара. Яна заяўляла, што яе задача — забяспечыць мірную перадачу ўлады і правесці новыя выбары. Аднак улада ў асобе Лукашэнкі не збіраецца весці перамовы — ні з ёй, ні з іншымі пратэстоўцамі. Хоць і ясна, што ставіцца да Ціханоўскай проста як да „прыватнай асобы” ўжо не атрымліваецца”, — адзначаюць „Ведомости”.
У гэтай жа намінацыі кандыдатам на перамогу газета назвала безназоўнага „беларуса”. „У 2020 г. высветлілася, што мы ў Расіі шмат чаго не ведаем пра Беларусь. І асабліва пра яе жыхароў. Беларусы спакойныя, добразычлівыя і несвавольныя. Любяць чысціню і парадак у доме і ў дзяржаве. Верагодна, таму прэзідэнт і галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка, які забяспечваў гэты парадак, выйграваў выбары ў краіне пяць разоў за 26 гадоў. Але 9 жніўня 2020 г. мільёны беларусаў не паверылі, што ён выйграў шосты раз. З таго часу, ужо чатыры месяцы, у краіне не спыняюцца акцыі грамадзянскага непадпарадкавання. Пратэсты нязгодных былі і на папярэдніх трох выбарах, але ніколі на вуліцы не выходзіла так шмат людзей, як цяпер. Кожны, хто выходзіць, здзяйсняе грамадзянскі ўчынак. Цана ўчынку стала ясная адразу ж пасля першых стыхійных дэманстрацый, якія не мелі адзінага лідара і цэнтра арганізацыі. Могуць біць на вуліцы, у аўтазаку і ў СІЗА. Трамбаваць у перапоўненай камеры, не даваць вады і ежы, пазбаўляць медыцынскай дапамогі, трымаць у недасведчанасці сваякоў. Могуць забіць, як Аляксандра Тарайкоўскага і Рамана Бандарэнку. Дакладна невядома, колькі людзей выходзіла за ўвесь час на акцыі пратэсту, — у сілавікоў і праваабаронцаў розны падлік. Улады не публікуюць зводную статыстыку, колькі чалавек былі пакараныя. Свае спісы вядзе беларускі праваабарончы цэнтр „Вясна”, які ў справаздачы за лістапад паведамляе: колькасць затрыманых звыш 30.000, супраць 900 распачатыя крымінальныя справы, 146 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі”, — адзначае выданне.
„Пераважная большасць пратэстоўцаў — звычайныя людзі. Настаўнікі, рабочыя, інжынеры, лекары, студэнты, якія, хутчэй за ўсё, раней былі далёкія ад палітыкі. Гэта грамадзяне, якія зрабілі асабісты выбар у адпаведнасці са сваім разуменнем вядомых цяпер усяму свету слоў: „Жыве Беларусь”, — піша газета.
Сярод палітыкаў рэдакцыя абрала лаўрэатам пераможцу прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Джона Байдэна, чытачы — прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, які правёў паспяховую ваенную аперацыю ў Нагорным Карабаху. Сярод прэтэндэнтаў быў Аляксандр Лукашэнка.
„Ведомости” ахарактарызавалі яго так: „Былы прыкладна да 2001 г. галоўным саюзнікам Расеі, а затым прызнаным майстрам шматвектарнасці, у 2020 г., на 26-м годзе свайго кіравання, беларускі лідар сутыкнуўся з самым вострым крызісам сваёй улады. Прычым, як гэта часта бывае, ён сам яго і справакаваў. Спачатку першы прэзідэнт Беларусі стаў COVID-дысідэнтам, што, мякка кажучы, не знайшло разумення ў насельніцтва. А потым у Беларусі адбыліся выбары. У сістэме ўлады ключавыя рашэнні ў рамках выбарчай кампаніі, вядома, зацвярджаюцца асабіста Лукашэнкам. А значыць, менавіта ён дазволіў збіраць подпісы не толькі Сяргею Ціханоўскаму, але і Віктару Бабарыку з Валерыем Цапкалам. Збор подпісаў ператварыўся ў стыхійную акцыю недаверу асабіста Лукашэнку, таму Ціханоўскага і Бабарыку давялося саджаць у турму, а Цапкалу — не прапускаць праз фільтр ЦВК. Для незадаволеных было вырашана пакінуць Святлану Ціханоўскую — верагодна, прагназуючы, што за жанчыну простыя людзі галасаваць ужо сапраўды не пойдуць. Пры гэтым у краіне была забароненая сацыялогія. А калі незадоўга да выбараў было абвешчана, што рэйтынг Лукашэнкі — 70%, стала ясна, што менш за 80% ён на выбарах атрымаць не можа — несалідна. Далейшае вядомае. Зрэшты, нягледзячы на шматмесячныя пратэсты і вельмі асцярожнае, але відавочнае падштурхоўванне Лукашэнкі да рэформаў, мяняць што-небудзь сур’ёзна ён не збіраецца. Крызіс у Беларусі паказаў, што беларусы гатовыя доўга, упарта і масава пратэставаць, але рэжым не расколваецца, а лаяльнасць сілавых структур прэзідэнту захоўваецца. Знешні націск на яго з шэрагу прычын таксама неэфектыўны. Увогуле, першы раўнд найвастрэйшага крызісу застаўся за Лукашэнкам. 2021 год пакажа, чым усё скончыцца”.