Расейская ўлада ўпершыню дала інфармацыю пра стан Сянцова



Упраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСИН) па Ямале ўпершыню апублікавала інфармацыю пра стан зняволенага ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які трымае галадоўку з 14 траўня.

У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што Сянцоў пераведзены ў палату Медыцынскай часткі №8 на тэрыторыі выпраўленчай калоніі №8 і за ім вядзецца кругласуткавае медычнае назіранне. У ведамстве падкрэслілі, што на сённяшні дзень „дэфіцыта масы цела і пагаршэння стану здароўя не назіраецца”. Ад прапанаванай шпіталізацыі Сянцоў адмовіўся ў пісьмовай форме,  паказанняў да экстрэннай шпіталізацыі не ўстаноўлена, гаворыцца ў паведамленні.

„У цяперашні час стан Сянцова А.Г. ацэньваецца як здавальняючы”, – падкрэслілі ў ведамстве выканання пакаранняў.

Асаблівага даверу гэтая афіцыйная інфармацыя не выклікае. Вельмі імаверна, што Сянцова кормяць прымусова і такім чынам падтрымваюць жыццяздольнасць яго арганізма.

Раней Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава прапанавала расейскім правабаронцам абмеркаваць на любых умовах абмен засуджанага ў Расеі Алега Сянцова, які трымае галадоўку. 8 жніўня сястра рэжысёра паведаміла, што яго стан на 87-ы дзень галадоўкі рэзка пагоршыўся. 

Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Алег Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне.

Беларускае Радыё Рацыя