Расейскі эксперт: змена першай асобы ў Беларусі непазбежная
Чаму Расея не будзе фарсаваць інтэграцыю.
— А чаму УЦДГМ (Усерайскі Цэнтр даследавання грамадскай думкі) павінен быў ўставаць гарой за Лукашэнку? Напэўна, там агучаныя рэальныя праблемы, з якімі яны (расейскія ўлады) сутыкаюцца ў Беларусі, — адзначыў у эфіры «Свабода Premium» намеснік галоўнага рэдактара Carnegie.ru Максім Самарукаў, каментуючы сацыялагічныя звесткі аб сітуацыі ў Беларусі. — І, мне здаецца, што няма ніякай навіны ў тым, што шмат хто ў расейскім кіраўніцтве не любіць Лукашэнку.
Нашмат больш значным для развіцця беларуска-расейскіх адносін расейскі журналіст лічыць факт падпісання або непадпісання саюзных карт.
— Самае важнае з усяго гэтага тое, што могуць не падпісаць саюзныя карты. На самай справе інтэграцыя ідзе, нават такая, даволі сімвалічная, таму што ўсе мы разумеем, што ў гэтых картах па тым, што было апублікавана, нічога рэвалюцыйнага няма.
Ніякіх прынцыповых пераменаў яны ў дачыненні да дзвюх краін не ўводзяць, ніякай асаблівай пагрозы для беларускага суверэнітэту не ўяўляюць. Зразумела, што яны будуць рэалізоўвацца на працягу многіх гадоў, і ў асноўным там гаворка ідзе пра «выпрацоўку адзіных падыходаў». Гэтая «выпрацоўка» можа заняць невядома колькі часу.
Але нават у такім выглядзе гэтая інтэграцыя вельмі моцна прабуксоўвае і нікуды не рухаецца, хоць ужо год і тры месяцы, як у Менска знік усякі прастор для міжнароднага манеўру, сувязі з Захадам парваныя, здавалася б, канчаткова, поўная залежнасць ад расейскай падтрымкі — і ўсё роўна Расея не можа прадушыць нават у такім мяккім выглядзе гэтыя інтэграцыйныя карты за такую колькасць часу!
Гэта сведчыць аб тым, што мы раней пераацэньвалі значэнне манеўру на Захадзе для супраціву рэжыму Беларусі ўсёй гэтай інтэграцыі. Нам заўсёды здавалася, што рэжым Лукашэнкі можа супраціўляцца інтэграцыі толькі таму, што ў яго ёсць магчымасць неяк там зблізіцца з Захадам у адказ. І гэта дае яму нейкі рычаг у адносінах з Крамлём, які дазваляе адмаўляцца ад усіх гэтых новых патрабаванняў па паглыбленні інтэграцыі.
Але вось, мы бачым, што ніякага манеўру на Захадзе ўжо ў уладаў Беларусі няма, а яны ўсё роўна працягваюць даволі паспяхова адмаўляцца ад любога, нават сімвалічнага паглыблення інтэграцыі, — разважае Самарукаў.
Ён робіць выснову, што да гэтага часу, нягледзячы на падтрымку Пуціным рэжыму Беларусі, апошняе слова ў беларуска-расейскіх адносінах застаецца за Лукашэнкам.
— Справа ў тым, што беларуская сістэма па-ранейшаму ўладкаваная так, што не зразумела, як яна будзе працаваць, калі прыбраць Лукашэнку. Яго кантроль над беларускай дзяржаўнай уладай па-ранейшаму застаецца высокім. Рызыкі ад таго, каб фарсаваць інтэграцыю і ламаць праз калена Лукашэнку, у Крамлі ўспрымаюцца як больш высокія, чым рызыкі ад млявага і амаль нерухомага працэсу інтэграцыі…
Апытанне УЦДГМ, гэтыя праблемы з інтэграцыяй і паводзіны беларускіх дзяржпрапагандыстаў паказваюць, што ў Беларусі ўлада па-ранейшаму ў руках Лукашэнкі. І ўсе размовы аб тым, што Расея ўжо заслала сваіх агентаў і расставіла сваіх людзей па ўсіх месцах, сур’ёзна перабольшаныя. І вырашаць пра транзіт улады будзе не толькі Крэмль, але і сам Аляксандр Рыгоравіч, — заключае журналіст.
Пры гэтым ён адзначыў, што канец існуючага рэжыму ў Беларусі «ўдалечыні, але бачны, і змена, па меншай меры, першай асобы ў Беларусі непазбежная».
Паводле «Салідарнасці»