Расейскі генерал можа стаць прэзідэнтам Інтэрпалу!



Расейскі генерал Аляксандр Пракапчук стаў адным з двух кандыдатаў на пост кіраўніка Інтэрпалу. Пра гэта піша Financial Times.

Акрамя Пракапчука, які зараз ёсць віцэ-прэзідэнтам арганізацыі, за пост пазмагаецца выконваючы абавязкі кіраўніка Інтэрпалу Кім Чон Ян з Паўднёвай Карэі. Выбары новага прэзідэнта міжнароднай арганізацыі прызначаны на 21 лістапада.

Напомнім, што ранейшы прэзідэнт Інтэрпалу кітаец Мэн Хунвэй 25 верасня загадкава прапаў, прыехаўшы на радзіму ў Кітай. Толькі 5 кастрычніка стала ведама, што яго затрымалі ўлады Кітая па падазрэнні ў карупцыйнай дзейнасці. 7 кастрычніка Мэн Хунвэй напісаў заяву пра адстаўку, яна была неадкладна прынятая.

Аляксандр Пракапчук – генерал паліцыі. Ён стаў першым грамадзянінам Расеі, які заняў у 2016 годзе высокі пост у Інтэрпале. Пракапчук – нараджэнец Украіны, у маладосці рабіў камсамольскую кар’еру. У 1986 годзе пераехаў у Маскву, дзе працаваў на розных дзяржаўных пасадах. З 1996 года – у падаткавых і праваахоўчых органах. У біяграфіі паведамляецца, што ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, але не гаворыцца ў якіх і дзе. Мае шматлікія дзяржаўныя і ведамасныя ўзнагароды, таксама ўзнагароджаны іменнай зброяй. У 2011 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў яму адмысловае званне генерал-маёр.

Беларускае Радыё Рацыя