Расейскі крызіс і вышыванкі – чым запомніўся беларусам 2014 год (абноўлена)



Чым адзначыўся 2014 год у Беларусі – грамадскія і палітычныя дзеячы ўсё яшчэ падводзяць вынікі апошніх 12-ці месяцаў у краіне.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пажадаў беларусам шчасця ў новым годзе, і выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе Беларусь увойдзе ў вялікую сям’ю еўрапейскіх краінаў:

– Наша краіна пацярпела і ў часы вайны, і ў іншыя перыяды свайго развіцця, свайго станаўлення, таму я думаю беларусы заслугоўваюць лепшай долі. Я думаю, што так яно і будзе, моц нашай краіны толькі будзе ўзрастаць, краіна будзе развівацца далей як бы нам і хацелася. Нягледзячы на ўсе перашкоды Беларусь будзе існаваць як незалежная краіна, будзе існаваць як краіна, дзе будзе панаваць дэмакратыя, еўрапейскасць.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас пажадаў беларусам, нягледзячы на цяжкія вынікі мінулага года, спадзявацца на лепшае і разумець, што „гэта лепшае залежыць ад нас”:

 – Вынікі вельмі, вельмі невясёлыя. Беларусам я бы параіў спадзявацца на лепшае, а рыхтавацца да горшага. І зразумець, што гэтае “лепшае” залежыць у першую чаргу ад нас саміх. Ніякі дзядзя, ніякі “бацька” нам яго не дасць. І мы павінны думаць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра тое, што будзе адбывацца заўтра з усімі намі і вырашацца ад нашага імя. 

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў ацэньвае падзеі мінулага году ў Беларусі больш аптымістычна: 

– У гэты годзе, вельмі няпростым для свету, Беларусь пачала прачынацца ад той летаргіі, у якой знаходзілася апошнія чатыры гады. Пра гэта сведчаць розныя грамадскія ініцыятывы. Асабліва мяне ўразіў Дзень вышыванкі – людзей было – не зайсці ў будынак. Гэта курсы “Мова нанова”. Падзеі ва Украіне сталі апошнім штуршком для рэалізацыі беларускай нацыі як постмадэрновай. І зараз фармуецца нацыя. 

Сярод падзей, якімі запомніцца мінулы год для беларусаў актывісты называюць у першую чаргу падзеі ў суседняй Украіне і эканамічны крызіс у Расеі, які закрануў і беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя