Расейскі палітолаг назваў прычыну «нервовых паводзінаў» Лукашэнкі



Палітолаг, аўтар Telegram-канала «Политджойстик» Марат Башыраў пракаментаваў апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, назваўшы яго паводзіны «нервовымі».

На думку эксперта, «усе даўно заблыталіся ў выказваннях спадара Лукашэнкі», таму што ён «вельмі непаслядоўны ў сваіх заявах».

«Сутнасць яго нервовых паводзінаў тлумачыцца тым, што Расея перастала датаваць беларускую эканоміку ў шкоду сваім нафтавым кампаніям. Раней ён казаў, што Менск адпампоўвае з нафтаправода для НПЗ тэхнічную нафту, цяпер рушыла ўслед паведамленне, што Беларусь збіраецца забіраць аплачаную еўрапейскім пакупніком нафту, якая павінна транспартавацца праз тэрыторыю Беларусі транзітам, за які заплаціла Расея», – заўважыў палітолаг.

Башыраў лічыць, што Расея «нясе адказнасць» за суседнія народы. «Калі б Лукашэнка раптам пагадзіўся правесці сумленны рэферэндум на тэму «Ці трэба поўнае збліжэнне з Расеяй?», яго б моцна здзівілі вынікі. Бессэнсоўна абмяркоўваць, чаму кіраўнік Беларусі дазваляе сабе такія выразы. Здзіўляюся вытрымцы і добразычлівасці Пуціна», – падкрэсліў эксперт.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што кіраўнікі дзяржаў, якія спрабавалі «гуляць у сяброўства з ЗША», у рэшце рэшт альбо былі забітымі падчас дзяржаўнага перавароту, альбо беглі, пакінуўшы спустошаныя краіны, якія раздзіраліся грамадзянскай вайной.

Нагадаем, падчас візіту ў Светлагорск, кіраўнік дзяржавы расказаў, што падчас яго паездкі ў Сочы Пуцін засумняваўся, што беларускі бок працягне купляць нафту ў іншых краінах. Беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі: «Каб кожны год яму 31 снежня не стаяць на каленях».

Беларускае Радыё Рацыя