Расейскіх вайскоўцаў у Беларусі сустракалі хлебам-соллю
Вучэнні „Захад-2017” афіцыйна стартуюць 14-га верасня. На аэрадромах у Баранавічах і ў Гарадзенскай вобласці прызямліліся расейскія вайскоўцы, якія сумесна з беларускімі лётчыкамі возьмуць удзел у вучэннях.
Першымі прыбылі расейскія экіпажы знішчальнага авіяцыйнага палка. Затым – інжынерна-тэхнічны склад палка, прычым авіяцыйныя спецыялісты даставілі таксама неабходнае для абслугоўвання знішчальнікаў абсталяванне.
Расейскіх вайскоўцаў сустрэлі на беларускай зямлі хлебам-соллю. А камандзір в/ч 54804 палкоўнік Юрый Пыжык нават падкрэсліў: неба ў нас адно, і мы гатовыя бараніць яго сумесна, паведамляе exercise.mil.by.
Сёння лётчыкаў і інжынерна-тэхнічны склад расейскага палка водзяць на экскурсіі і канцэрты.
Па афіцыйных дадзеных, у вучэннях прымуць удзел да 13 тысяч вайскоўцаў. Скончацца яны 20 верасня. Расейскія войскі, якія прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў вучэннях «Захад-2017», вернуцца на радзіму да 30 верасня.
Фота exercise.mil.by