Расейскія адвакаты заклікалі падтрымаць беларускіх калег
Расейскія адвакаты заклікалі міжнародную адвакацкую супольнасць патрабаваць спынення пераследу адвакатаў Беларусі за іх прафесійную дзейнасць.
Зварот апублікаваны на сайце радыёстанцыі „Эхо Москвы” і адрасаваны вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека і камісарам Міжнароднай камісіі юрыстаў. Яго ініцыявалі Карына Маскаленка, Ганна Ставіцкая, Іван Паўлаў, Ілля Новікаў — аўтарытэтныя адвакаты, якія абаранялі людзей па асабліва рэзанансных справах.
У звароце гаворыцца, што ў Беларусі пераслед зведалі ўсе адвакаты Марыі Калеснікавай, члена штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, і гэта сведчыць пра рэальную рызыку для іншых адвакатаў.
„Расійскія адвакаты, якія на сваім досведзе адчулі абмежаванні іх прафесійнай дзейнасці і ў сувязі з ёй зведалі пераследы, заклікаюць сусветную юрыдычную супольнасць пільна сачыць за дзеяннямі ўлады Беларусі, што дапускае парушэнне правоў адвакатаў, якія ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць”, — гаворыцца ў звароце.
Адвакаты праз Цэнтр незалежнасці правасуддзя Міжнароднай камісіі юрыстаў таксама прапануюць міжнароднай адвакацкай супольнасці правесці сусветную акцыю ў падтрымкі адвакатаў Марыі Калеснікавай. „Будзем удзячныя, калі да акцыі далучацца таксама суддзі, пракуроры і ўсе прадстаўнікі юрыдычнай прафесіі ва ўсім свеце”, — адзначаюць аўтары звароту.
З кастрычніка мінулага года ўлады пачалі пераслед адвакатаў, якія абараняюць палітвязняў ці адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Так, Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых яе адвакатаў Іллі Салея і Максіма Знака распачатыя крымінальныя справы (па факце стварэння і дзейнасці Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу). Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам, Знак — пад вартай, абодва прызнаныя палітвязнямі.
Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Зараз спрабуюць пазбавіць ліцэнзіі Уладзіміра Сазанчука, адваката палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналісткі Кацярыны Андрэевай.