Расейскія салдаты на Гомельшчыне прадаюць тое, што нарабавалі ва Ўкраіне



«Свабода» пагутарыла з жыхарамі Гомельскай вобласці пра прысутнасць там расейскіх вайскоўцаў, тэхнікі і нябожчыкаў.

Тыя кажуць, што шмат расейскай тэхнікі і вайскоўцаў было 29 сакавіка ў Брагінскім раёне. Калоны танкаў, БТР і «Уралаў» былі бясконцымі. Жыхар Мазыра сведчыць, што расейцы паводзяць сябе ў горадзе як гаспадары жыцця. Каля вёскі Бокаў Мазырскага раёна ў іх аэрадром і лагер, там іх вельмі шмат. Натоўпамі ў крамах, ходзяць па барах. У крамах бяруць шмат гарэлкі. Чапляюцца да людзей. У моргах Мазыра, распавядаюць мясцовыя, цяпер шмат забітых расейцаў — «іх адразу грузяць і некуды вывозяць».

Іншы жыхар Мазыра кажа, што расейскія кіроўцы прадаюць дызельнае паліва — па 15 рублёў за каністру. Яны вязуць «трафеі» з Украіны, нарабаванае, і прапаноўваюць на продаж мясцовым жыхарам: лядоўні, бытавую тэхніку, аўташыны ды іншае. Шмат тэхнікі і расейскіх вайскоўцаў у Нароўлі. Тут таксама размешчаны палявы шпіталь.

Параненым расіянам тут аказваюць першую дапамогу. Потым іх вязуць у Мазыр ці Гомель. Трупы адпраўляюць у Расею. Падбітую расейскую тэхніку рамантуюць у Нароўлі.

 Беларускае Радыё Рацыя