Расейскія ўлады не пусцілі некаторых заходніх палітыкаў на пахаванне Нямцова
„Мы не супраць Расеі, але не пагаджаемся на агрэсіўную вайну”, – напісаў у лісце да ўдзельнікаў пахавання Барыса Нямцова маршалак польскага Сенату Багдан Барусевіч. Яго самога расейскія ўлады не пусцілі ў Маскву на развітанне з вядомым расейскім апазіцыянерам.
„Не здзіўляе факт, што на пахаванні не прысутнічаюць Пуцін і Мядзведзеў, але тое, што яны рашаюць, каму дазволіць развітацца з Нямцовым, гэта прыкра…” – каментуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
– І латышскага дэпутата не пусцілі, але падкрэсліваю, тое што Барусевіча не пусцілі… І куды? На пахаванне. Ён жа не збіраўся на нейкую маніфестацыю, альбо там форум нейкі, гэта адмоўна адаб’ецца на двухбаковых адносінах. Вось гэта яскрава… Улада фільтруе, хто можа быць на пахаванні, хто не.
Таксама Аляксандр Лукашэнка ў афіцыйных выказваннях не згадаваў пра забойства Барыса Нямцова і не выказаў спачуванняў яго блізкім:
– Гэта было б не зразумела ўсім. Вядома, як Лукашэнка з Беларусі Нямцова дэпартаваў. Такія выпадкі былі. Таму ніхто і не чакае. З якой нагоды? Безумоўна, Лукашэнка любіць вішаваць тых ці іншых дзеячоў, у дадзеным выпадку расейскіх, але гэта не прысутнічае ў тэме і не павінна прысутнічаць.
На грамадзянскай паніхідзе па Нямцовым выступілі ўжо амбасадары Еўразвязу і ЗША. Усе выступоўцы на жалобнай цырымоніі адзначаюць, што Нямцоў быў вельмі адважным палітыкам, які змагаўся і пацярпеў за свае перакананні. Прыхільнікі забітага апазіцыянера заклікаюць да празрыстага расследавання злачынства.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя