Расейскія ваенныя „дарадцы” пакідаюць Венесуэлу?



Расейскія ваенныя дарадцы, якія навучалі венесуэльскіх вайскоўцаў і забяспечвалі кантракты на пастаўку зброі карпарацыяй Ростех”, сталі выязджаць з краіны. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу, блізкую да міністэрства абароны Расеі.

Раней у Венесуэле знаходзілася каля тысячы ваенных дарадцаў, зараз іх колькасць скарацілася да некалькіх дзясяткаў.

Паводле даных выдання, спецыялісты выязджаюць з-за браку новых кантрактаў. Імаверна, прэзідэнт Нікалас Мадура з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі не зможа разлічыцца і па папярэдніх пастаўках, піша The Wall Street Journal.

Суразмоўцы выдання адзначаюць: у карпарацыі „Ростех” прыйшлі да высновы, што падтрымліваць Мадуру больш не мае сэнсу, паколькі перакананыя, што ён прайграў у грамадзянскім супрацьстаянні. Напомнім, што 10 студзеня 2019 года пачалася другая кадэнцыя Нікаласа Мадуры. Пасля інаўгурацыі, 15 студзеня, парламент Венесуэлы абвесціў Мадуру ўзурпатарам. 21 студзеня ў сталіцы краіны Каракасе група вайскоўцаў запатрабавала адхіліць прэзідэнта ад улады і заклікала грамадзян краіны далучыцца да паўстання. У сутыкненнях у час пратэсту загінулі не менш 14 чалавек.

23 студзеня Хуан Гуайдо абвесціў сябе „выконваючым абавязкі прэзідэнта”. Пра падтрымку лідару апазіцыі заявілі ЗША, Еўразвяз, Канада, Гватэмала, Бразілія, Аргенціна, Перу, Чылі, Парагвай, гандурас, Коста-Рыка, Панама ды іншыя краіны. 27 студзеня пра падтрымку Гуайда заявіў таксама прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху.

23 сакавіка журналіст Хаўер Маёрка паведаміў, што групоўку з 100 расейскіх ваенных у Венесуэле ўзначальвае генерал Васілій Тонкашкур. Расейцы прыляцелі на самалёце Іл-62М. На іншым самалёце, Ан-124-100, у Каракас даставілі невядомы груз вагой 35 тон. Расея і Беларусь у асобах Пуціна і Лукашэнкі адназначна выказвалі падтрымку Мадуру. Сам Нікалас Мадура заявіў, што не намераны пакідаць пост прэзідэнта Венесуэлы да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў у 2025 годзе.    Беларускае Радыё Рацыя