Расейскія вайскоўцы заявілі, што пад Дамаскам збілі ракеты Ізраілю
Сірыйскім ваенным удалося адбіць ракетны ўдар Ізраіля па аэрапорце Дзювалі ў паўднёва-усходняй частцы Дамаску, піша 20 студзеня агенцтва ТАСС са спасылкай на мінабароны Расейскай Федэрацыі.
Паводле расейскіх вайскоўцаў, знішчальнікі F-16 ВПС Ізраіля выпусцілі з акваторыі Міжземнага мора па аэрадроме неназваную колькасць ракет. Сродкам СПА расейскай вытворчасці ўдалося збіць сем з іх.
У мінабароны РФ сцвярджаюць, што ахвяраў і разбурэнняў у выніку ракетнай атакі няма, інфраструктура аэрапорту не пашкоджана.
Яшчэ 24 верасня 2018 года міністэрства абароны Расеі заявіла пра гатовасць перакінуць ЗРК С-300 у Сірыю. Гэта здарылася праз тыдзень пасля катастрофы расейскага самалёта-выведніка Іл-20. Ён быў збіты сірыйскай сістэмай СПА 17 верасня. Міністэрства абароны РФ звінаваціла ў гэтым Ізраіль, чые самалёты ў той дзень здзейснілі ўдары па іранскіх аб’ектах на тэрыторыі Сірыі.
Беларускае Радыё Рацыя