Расейскія войскі на беларускай тэрыторыі Чарнобыльскай зоны?
У сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра наяўнасць паблізу ўкраінскай мяжы на беларускай частцы Чарнобыльскай зоны адчужэння расейскіх войскаў, паведаміла 20 ліпеня ў Facebook прэс-служба 61-й асобнай пяхотнай егерскай брыгады Узброеных сіл Украіны.
У брыгадзе заявілі, што ўжо давялі „да камандавання ўсіх роўняў” інфармацыю пра магчымую прысутнасць ля мяжы расейскіх ваенных.
„Факт прысутнасці расейскіх войскаў ля паўночнай мяжы Украіны на беларускай частцы Чарнобыльскай зоны адчужэння ўжо правяраецца. У разе яго пацверджання 61-я опербрыгада гатовая за лічаныя гадзіны прыступіць да абароны Украіны на ўказаным участку ўкраінска-беларускай мяжы і даць годны адпор агрэсару”, – падкрэслілі ў прэс-службе брыгады.
Сёння карыстальнік Уладзімір Мартынюк напісаў у Facebook, што жыхары памежнага Іванкоўскага раёну бачылі ў беларускай частцы Чарнобыльскай зоны вялікую колькасць салдат і тэхнікі арміі РФ. „Размаўляючы з украінцамі, якія традыцыйна ходзяць праз мяжу ў Беларусь, гэтыя ваенныя заяўляюць, што іх заданне – хутка заняць Кіеў. Сцвярджаюць, што да Новага году яны нас, гэта значыць Украіну, „зробяць”… Штодзённа праходзяць ваенныя вучэнні з бранетэхнікай і нават авіяцыяй. Мясцовыя жыхары кажуць, што расейцы трэніруюцца „ламаць” граніцу Украіны”, – заявіў ён.
Карыстальнік дадаў, што расейцаў немагчыма зблытаць з беларусамі, паколькі палова ваенных выглядае як „бураты” ці „якуты”.