Расейскія войскі пачалі спробу актыўнага наступу на ўсходзе Украіны (абноўлена)
Расейскія войскі пачалі бітву за Данбас – пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Расея актывізавала наступ па ўсёй лініі сутыкнення на Данбасе. Паводле генштабу ЗСУ, агрэсар хоча ўзяць пад кантроль Данецкую і Луганскую вобласці ды захаваць сухапутны калідор з часова акупаваным Крымам. Расейскія войскі спрабуюць прарваць абарону ва ўсходняй Украіне на некалькіх кірунках. Галоўнакамандуючы УСУ Залужны кажа, што ўкраінскім вайскоўцам атрымоўваецца адбіць атакі, наносячы ворагу вялікія страты.
Узброеныя Сілы Украіны адбілі наступленне акупантаў у Рубежным і Папаснай Луганскай вобласці, і двойчы ў Аўдзееўцы Данецкай вобласці. Украінскія вайскоўцы знішчылі дзясяткі акупантаў, якія спрабавалі атакаваць гарады. Украіна не збіраецца здавацца, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Некаторыя падраздзяленні войск РФ страцілі пад Мікалаевам больш за 70% асабовага складу. Пра гэта сведчыць перахоп тэлефонных размоў расейскіх вайскоўцаў, якія публікуе СБУ.
***
Расейскія акупанты з раніцы 18 красавіка паспрабавалі пачаць актыўную фазу наступу і прарваць украінскую абарону на ўсходзе краіны, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Аляксей Данілаў, перадае „ГАРДОН”.
„Сёння з раніцы амаль па ўсёй лініі фронту на тэрыторыі Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласцей акупанты спрабавалі прарваць нашу абарону. На шчасце, нашы вайскоўцы трымаюцца… Спроба пачаць актыўную фазу [наступу] у іх пачалася сёння з раніцы”, – сказаў Данілаў.
Паводле яго слоў, расейскім войскам удалося прасунуцца наперад у раёне двух гарадоў.
„Толькі ў двух месцах яны прайшлі – гэта Крэмянная і яшчэ адзін невялікі горад. Але працягваюцца баі. Мы не здаем сваіх тэрыторый”, – сказаў сакратар СНБА.
Фота: Рада національної безпеки і оборони України / Facebook