Расейцы атакавалі Адэскую вобласць



Уначы расейскія вайскоўцы атакавалі звышгукавымі супрацькарабельнымі ракетамі тыпу «Онікс» Адэскую вобласць. 

Фота: hromadske.ua

Зафіксаваныя трапленні ў будынак пансіянату і збожжасховішчы, пашкоджаныя дамы. Пра гэта паведамілі Сілы абароны поўдня і кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер. Ракеты выпусцілі з берагавога ракетнага комплексу Бастыён у часова акупаваным Крыме.

Паводле кіраўніка вобласці, раненні ад аскепкаў шкла атрымалі чатыры чалавекі, ім надалі неабходную дапамогу. 

У Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі пацвердзілі выбух у Міргарадскім раёне падчас паветранай трывогі ў ноч на 7 кастрычніка. Папярэдне без пацярпелых. 

Тым часам, у выніку абстрэлу пасёлка Уразава Валуйскай гарадской акругі Белгарадскай вобласці Расеі загінуў мужчына, паведамляе кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Гладкоў сцвярджае, што пасёлак атакавалі Узброеныя сілы Украіны з рэактыўнае сістэмы залпавага агню «Град». Паводле яго, пашкоджаныя 14 дамоў, адзін сацыяльны аб’ект і аўтамабіль. Таксама разбураныя гаспадарчая пабудова і склад.

Раніцай над Маскоўскай вобласцю знішчылі дрон, заявілі Мінабароны Расеі і мэр Масквы Сяргей Сабянін. Папярэдне, на месцы падзення абломкаў разбурэнняў і пацярпелых няма.

Беларускае Радыё Рацыя