Расейцы працягваюць атакаваць украінскія гарады



Супрацьпаветраная абарона Украіны збіла мінулай ноччу над Кіевам больш за 40 паветраных цэляў. Атака была камбінаванай, расейцы выкарыстоўвалі і беспілотнікі, і ракеты, кажуць у Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі. Удараў па Кіеве не дапушчана!”, адзначылі ў адміністрацыі. Хоць у Падольскім раёне украінскай сталіцы ў выніку падзення абломкаў быў прабіты дах жылога дома. Ахвяраў няма.

У адміністрацыі таксама нагадалі, што з пачатку траўня расейцы атакавалі з паветра Кіеў ужо 18-ы раз.

Акрамя Кіева, расейцы гэтай ноччу атакавалі дронамі і поўдзень Украіны. У небе над Мікалаеўскай вобласцю ўкраінскія вайскоўцы збілі тры дроны-камікадзэ, яшчэ адзін — над Адэсай. „У выніку траплення ў партовую інфраструктуру Адэсы успыхнуў пажар”, гаворыцца ў паведамленні аператыўнага камандавання „Поўдзень”. Па словах вайскоўцаў, пажар аператыўна ліквідавалі, інфармацыя пра разбурэнні ўдакладняецца. Па словах старшыні грамадскага савета пры Адэскай вобласці Сяргея Братчука, пажар пачаўся з-за траплення абломкаў.

Hromadske піша, што выбухі гэтай ноччу таксама гучалі ў Хмяльніцкай і Львоўскай абласцях.