Расейцы закідалі Бахмут запальнымі бомбамі
Расейцы літаральна спрабавалі сцерці Бахмут з зямлі гэтай ноччу. Заходнія кварталы горада, у якіх трымаюцца ўкраінцы, абстраляныя запальнымі бомбамі.
Відэа падпаленага Бахмута апублікавала прэс-служба Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны.
«Стаім. Воіны разам з пабрацімамі працягваюць абараняць Бахмут», – напісала прэс-служба.
Калі было знята відэа – невядома. У роліку можна заўважыць наступствы абстрэлаў горада.
Пракрамлёўскія тэлеграм-каналы, дзе відэа падпаленага Бахмута з’явілася раней, паведамляюць, што па горадзе выпусцілі „гарачыя рэактыўныя снарады”.
Нагадаем, баі за Бахмут працягваюцца больш за восем месяцаў. Асноўную ўдарную сілу расейскага наступу на гэтым напрамку складаюць найміты прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра. 5 траўня яе заснавальнік Яўген Прыгожын заявіў, што 10 траўня яго байцы могуць пакінуць Бахмут з-за адсутнасці боепрыпасаў.
Беларускае Радыё Рацыя