Расея абвінаваціла Захад у спробе «прасунуць уласных стаўленікаў» у Беларусі
Захад перайшоў усялякія «чырвоныя лініі» ў спробе падарваць пазіцыі ўлады ў Беларусі і «прасунуць уласных стаўленікаў», заявіў сакратар Савета бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў на другім дні IX Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы.
„У апошнія гады ўсё большы распаўсюд атрымліваюць так званыя гібрыдныя войны, якія нярэдка прыносяць не менш пакутаў народам, чым традыцыйныя гарачыя канфлікты, – сказаў ён. – Некаторыя заходнія дзяржавы ў літаральным сэнсе перайшлі ўсе „чырвоныя лініі” ў спробе падарваць пазіцыі легітымнай улады і прасунуць на кіруючыя пазіцыі ўласных стаўленікаў”. Узгадаў Мікалай Патрушаў і замах на Лукашэнку.
Як паведамлялася, амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, якая працуе за мяжой, у эфіры расейскага тэлеканала «Дождь» назвала недарэчнымі заявы прадстаўнікоў беларускіх уладаў аб дачыненні Злучаных Штатаў да падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ТАСС