Расея абвяргае абвінавачванні ў тэракце



Расея будзе настойваць на аб’ектыўным, максімальна адкрытым і незалежным расследаванні крушэння „Боінга-777”. Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага Міністэрства замежных спраў  Сяргей Лаўроў, які цалкам абвяргае абвінавачванні ў бок Расеі ў здзейсненым тэракце:

– Наша пазіцыя была выкладзена максімальна выразна прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі. Ён з самага першага моманту запатрабаваў правядзення незалежнага міжнароднага расследавання, мы гэта зрабілі першымі. Учора, калі прэзідэнт размаўляў з Баракам Абамай па тэлефоне, ён паінфармаваў амерыканскага лідара пра тое, што толькі што паступіла ў той момант інфармацыя пра збіты малазійскі лайнер. Мы будзем настойваць на максімальна аб’ектыўным, максімальна адкрытым, незалежным расследаванні. Наконт заяваў, якія з Кіева гучаць, пра тое, што мы ледзь не самі гэта ўвогуле зрабілі. Ведаеце, я за апошнія месяцы праўдзівых заяваў з Кіева практычна не чуў.

“Так канчаюцца пастаўкі зброі  бандытам”, – так пракаментаваў збіццё пасажырскага самалёта  кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі. Еўрапейскія палітыкі сыходзяцца на тым, што цяпер найважнейшае, каб улады Украіны  мелі  свабодны доступ да тэрыторыі, дзе адбылося крушэнне самалёта, кажа Радаслаў Сікорскі:

– Высвятленне прычын трагедыі, выканаўцаў гэтага злачынства, павінна мець прыярытэт. Украінскім уладам павінна быць прадстаўлена магчымасць выканання іх суверэнных правоў – гэта значыць, што Украіна павінна вярнуць кантроль над месцам падзення самалёта, бо тады можна будзе вырашаць, як весці расследванне катастрофы.

Паводле кіраўніка польскай дыпламатыі, ёсць прыкметы, якія паказваюць на тое, што прарасейскія сепаратысты ва Украіне добра ўзброеныя і свабодна перасякаюць мяжу з Расеяй.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя