Расея ацаніла цвёрдую пазіцыю Беларусі на саміце Усходняга партнёрства
Расея спакойна ставіцца да развіцця дачыненняў краін СНД з Еўрапейскім звязам у межах праекта ЕЗ „Усходняе партнёрства”. Пра гэта ў інтэрв’ю праграме „Карціна свету” тэлеканала „РТР-Беларусь”, паказаным вечарам 2 снежня, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
Гутарка адбылася ў Менску 30 лістапада. У гэты дзень кіраўнік расейскага МЗС удзельнічаў у саміце АДКБ.
„Мы ніколі нікога не вучым жыць. Мы самі з Еўразвязам маем пагадненне аб партнёрстве, якое, на жаль, замарожана не па нашай віне. І мы ніколі не адчувалі нейкіх сумневаў наконт таго, што ўсе нашы суседзі, нашы сябры хочуць мець добрыя дачыненні з усімі сваімі партнёрамі і на захадзе, і на ўсходзе, і на поўначы, і на поўдні”, — сказаў Лаўроў.
У той жа час, паводле яго слоў, Расея бачыць жаданне некаторых краін, якія ўваходзяць у ЕЗ, выкарыстаць Усходняе партнёрства ў антырасейскіх мэтах. „Іх не большасць, — адзначыў Лаўроў. — Але яны досыць агрэсіўна сябе паводзяць. Гэта выявілася ў тым ліку ў выступленні прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй на саміце Усходняга партнёрства ў Бруселі. Але пераважная большасць краін Еўразвяза разумее, што гэта будзе чарговая спроба з непрыдатнымі сродкамі… І што ўкараняць антырасейскі запал у любыя кантакты з краінамі-чальцамі СНД — гэта контрпрадуктыўна і бесперспектыўна”.
Кіраўнік МЗС Расеі заявіў: „Мы вельмі ацанілі цвёрдую пазіцыю Беларусі разам з шэрагам іншых удзельнікаў Усходняга партнёрства супраць такіх спроб”. „У тым, што ў выніковай дэкларацыі, нягледзячы на жаданне некаторых удзельнікаў саміту, не ўтрымліваецца якіх-небудзь старонніх рэчаў, якія не датычацца непасрэдна адносін фокусных дзяржаў з Еўразвязам, мы бачым у тым ліку вялікую ролю Беларусі, якая не дазволіла зрабіць гэты працэс палітызаваным, ідэалагізаваным. І якая бачыць у ім свой карэнны інтарэс — развіваць нармальныя стасункі з заходнімі еўрапейцамі”.
„У дачыненні да Беларусі, Арменіі, Азербайджана ў нас ніякіх сумневаў, падазрэнняў няма, — заявіў Лаўроў. — Вядома, мы бачым, як паводзяць сябе нашы ўкраінскія калегі, малдаўскія калегі, грузінскія калегі. Але ў іх не атрымліваецца, і ўпэўнены, што не атрымаецца ўсю схему Усходняга партнёрства перавесці ў антырасейскае рэчышча”.