Расея далучылася да санкцый Беларусі ў дачыненні да ЕЗ



„У адпаведнасці з саюзніцкімі абавязацельствамі беларускі санкцыйны спіс, які набыў моц з сённяшняга чысла, пачынае аўтаматычна прымяняцца і ў Расейскай Федэрацыі”, — заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава.

Каментуючы рашэнне ЕЗ аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў, яна адзначыла: „Замест праяўлення стрыманасці, гэтак неабходнай для стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, Еўрасаюз зноў хапаецца за санкцыйны інструмент. Які, нагадаем, з’яўляецца аднабаковым і нелегітымным, падрывае прэрагатывы Савета бяспекі ААН і вядзе да далейшай эрозіі міжнароднага права”.

„Расцэньваем такі крок як адкрыты і непрымальны націск на беларускія ўлады, якія робяць намаганні па нармалізацыі становішча ўнутры краіны. Зноў з боку ЕС ні слова не сказана ў падтрымку канстытуцыйнай рэформы, нацэленай на лібералізацыю палітычнай сістэмы Беларусі шляхам агульнанацыянальнага дыялогу. Што павінна адбывацца не на вуліцах, а ў рамках нацыянальнага прававога поля з прыцягненнем усіх слаёў беларускага грамадства”, — падкрэсліла Захарава.

„Прадстаўнікі Еўрасаюза і яго краін-членаў неаднаразова запэўнівалі аб адсутнасці ў іх падыходах геапалітыкі. Аднак рашэнні, якія прымаюцца ў ЕС, мова пагроз, як і іншыя дзеянні ў дачыненні да Беларусі, сведчаць аб адваротным. У наяўнасці парушэнне аднаго з ключавых прынцыпаў Статута ААН і хельсінкскага Заключнага акта НБСЕ — неўмяшання ва ўнутраныя справы”, — адзначыла прадстаўнік расійскага МЗС.

„Замест таго, каб сыграць канструктыўную ролю і садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, у Еўрасаюзе вырашылі пайсці на повадзе ў асобных краін-членаў, настроеных на далейшае „разгойдванне” ўнутрыпалітычнага становішча ў Беларусі. Заклікаем ЕС задумацца аб небяспечных наступствах такой лініі”, — падсумавала Захарава.

Еўрасаюз 2 кастрычніка ўвёў санкцыі ў дачыненні да больш чым 40 афіцыйных асоб Беларусі, якія датычныя да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны. Такое рашэнне прынятае па выніках саміту ЕС у Бруселі.

МЗС Беларусі заявіла аб увядзенні ў дзеянне „санкцыйнага спіса ў адказ”, але не стала яго публікаваць „у адпаведнасці з цывілізаванай дыпламатычнай практыкай”.

belapan.by