„Расея дзейнічае ў сваім лагічным ключы дзеля атрымання нейкіх дыпламатычных перамог”



Вайна ва Украіне – гэта рэальнасць ці палітычная гульня Пуціна? Ці мае нейкія выгады ў гэтай сітуацыі Лукашэнка? Як доўга можа працягнуцца напружаная сітуацыя на межах і колькі расейскіх вайскоўцаў накіроўваецца ў Беларусь? Пра гэта ды іншае гаворым з нашым сённяшнім госцем – аналітыкам Belarus security blog, журналістам “Белсата” Зміцерам Міцкевічам.  

Зміцер Міцкевіч

РР: Што  ўвогуле, на вашую думку, адбываецца. Цяпер бачым нарошчванне гэтай сілы: чалавечых рэсурсаў, тэхнікі, зброі на межах Беларусі, на межах Украіны. Ці сапраўды справа ідзе да вайны? Ці гэта ўсё ж такі пра нешта іншае?

Зміцер Міцкевіч: Калі мы пойдзем лагічна, то мы ўбачым, што Расея дзейнічае ў сваім лагічным ключы выкарыстання ваенных інструментаў дзеля атрымання нейкіх дыпламатычных перамог, то бок дзеля атрымання лепшай перамоўнай пазіцыі ў стасунках з Захадам. Таму што відавочна, што ў расейцаў ёсць зараз пэўнае запатрабаванне на нейкае прызнанне і паляпшэнне стасункаў з Захадам. І вось такім чынам яны спрабуюць выгандляваць для сябе лепшыя пазіцыі. Для расейцаў выкарыстанне ваеннай сілы – гэта не апошні інструмент дыпламатыі, а звычайны інструмент дыпламатыі, якім яны карыстаюцца ў штодзённым жыцці. Для іх гэта нічога не звычайнага. Яны спадзяюцца на тое, што такім чынам, груба кажучы, “возьмуць Захад на понт”, і нібыта Захад зразумею, што ў чарговы раз трэба здаць нейкія пазіцыі, забаіцца расейскай агрэсіі і не падтрымае Украіну. Будзе вось такая дэзінтэграваная пазіцыя і НАТА, і Еўразвязу па тым, што адбываецца, і адпаведна ў расейцаў атрымаецца вось у такой мутнай вадзе „нейкую там рыбку вылавіць”.

Але мы бачым, што ў іх гэта не атрымліваецца. Таму цяпер атрымліваецца такая “вілка”, таму што расейцы свае хады зрабілі, Захад зрабіў свае хады ў адказ, пры тым гэта былі тыя хады, якіх Расея не чакала. То бок гэта было ўзмацненне салідарнасці з Украінай, гэта была непасрэдная ваенная  дапамога для Украіны. Была перадача ваеннага абсталявання – і гэта дэкларацыя сваёй пазіцыі, свайго намеру працягваць далей гэтую ваенную падтрымку Украіны, не адмаўляцца ад пашырэння НАТА і г.д. То бок гэта яўна не тое, чаго Расея чакала, і цяпер, у чым і заключаецца небяспека, расейцам патрэбна нешта зрабіць, нейкі ход у адказ. І вось тут пытанне: што яны могуць зрабіць і якім чынам сітуацыя можа развівацца? Зноў жа, калі мы гэта кажам з пункту гледжання логікі, але, як паказвае гісторыя, – дзе Расея, а дзе логіка? Там далёка не ўсе падзеі, якія мы бачым за апошнія гады, выцякаюць з лагічных і прагматычных рашэнняў менавіта з боку Расейскай Федэрацыі.

РР: Калі казаць пра гэтыя крокі ў адказ, я звярнуся да інтэрв’ю Зянона Пазняка, ён для некалькіх каналаў паўтарыў, што ўсё ж такі Расея збіраецца акупаваць Беларусь. Наколькі такі крок магчымы? Прынамсі, не ўсе войскі, якія прыбываюць на гэтае вучэнне, пакінуць Беларусь, а можа надалей застануцца ўздоўж гэтых межаў на больш доўгатэрміновую перспектыву. Як вы мяркуеце?

Зміцер Міцкевіч: Вось гэта і пытанне, што Расея можа зрабіць, дзеля таго, каб “захаваць твар”. І сапраўды магчыма тое, што зараз беларусам варта непакоіцца з прычыны таго, што адным з такіх хадоў можа стаць якраз пэўнае пашырэнне вайсковай прысутнасці Расеі на тэрыторыі Беларусі.

І праблема заключаецца ў тым, што сам Лукашэнка сваёй жа рыторыкай глебу для пашырэння такой прысутнасці ўжо падрыхтаваў, то бок ён сам патлумачыў загадзя, што калі расейская прысутнасць павялічыцца, нічога надзвычайнага ў гэтым не будзе. Таму што ён сам нагаварыў, што ёсць нейкія пагрозы з боку Украіны, што яны нарошчваюць сваю ваенную прысутнасць на межах Беларусі. А тут Уладзімір Уладзіміравіч прапаноўвае яму, вось, калі ласка, раз вы так баіцеся ўкраінскай агрэсіі, вам падтрымка, вы ж так хочаце. І гэта якраз тая рэч, ад якой і публічна адмовіцца Лукашэнку будзе цяжка. І атрымаецца, што адзіным бокам, які прайграе ва ўсёй гэтай сітуацыі, будзе рэжым Лукашэнкі і Беларусь за кампанію. Таму што пашырэнне расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі як не на карысць беларускаму народу, так і не на карысць Лукашэнку, таму што, я не думаю, што гэта ў яго планы ўваходзіць.  

РР: То бок вы мяркуеце, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца толькі ў пройгрышнай сітуацыі на дадзены момант?

Зміцер Міцкевіч: Лукашэнка таксама хоча “вылавіць рыбку ў мутнай вадзе”. Яму цікава гэтае пашырэнне напружанасці паміж Расеяй і Украінай, таму што можна выкарыстаць гэта дзеля расейскай падтрымкі.

Лукашэнка заўжды выкарыстоўвае антыўкраінскую і антызаходнюю рыторыку дзеля таго, каб „выцаганіць” у расейцаў фінансавую падтрымку. Зноў жа таксама, можа быць, у ваенным плане. І  тут гісторыя ў тым, што сама напружанасць яму цікава, але нейкія рэальныя дзеянні яму не вельмі цікавыя. І якраз-такі пашырэнне расейскай ваеннай прысутнасці, а не выдзяленне ваеннага ўзбраення або нейкая фінансавая падтрымка, гэта яўна не тое, на што ён разлічвае. Таму, думаю, што Лукашэнка яўна будзе не ў вялікай радасці, калі перад ім такая прапанова паўстане ці ўжо паўстала, і яму трэба будзе з гэтым нешта рабіць. Таму што, зразумела, можна замаскіраваць гэтую расейскую прысутнасць пад так званы вайсковы навучальны цэнтр, але ўсім ужо робіцца зразумелым, што гэта па факце расейская база. І зараз на Захадзе Беларусь не разглядаецца як незалежны фактар у ваенным плане. А гэта зусім не тое, чаго хацеў Лукашэнка.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З Госцем Радыё Рацыя размаўляла Яна Запольская