Расея і Эстонія абвясцілі пра высылку дыпламатаў



Расея ў сераду абвясціла persona non grata консула Эстоніі ў Пецярбургу Марта Лятэ, абвінаваціўшы яго ў ажыццяўленні «дзейнасці па зборы выведных дадзеных, не сумяшчальнай з дыпламатычным статусам».

Масква запатрабавала ад яго пакінуць тэрыторыю Расеі на працягу 48 гадзін. Пра гэта гаворыцца ў заяве афіцыйнай прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай.

Яна адпрэчыла пярэчанні МЗС Эстоніі аб незаконнасці расейскага рашэння, назваўшы пазіцыю Таліна «цынічнай». У МЗС Расеі настойваюць, што ў Масквы маюцца «неабвержныя доказы». Пра якія менавіта «доказы» ідзе гаворка, расейскія ўлады не ўдакладнілі.

У адказ міністэрства замежных справаў Эстоніі ў сераду абвясціла аб ужыванні люстэркавай меры: Талін высылае расейскага дыпламата.

Кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс назвала абвінавачванні з боку Расеі беспадстаўнымі, падкрэсліўшы, што Лятэ «выконваў паўсядзённую працу дыпламата».

У эстонскім парламенце заявілі, што «Расея сумна вядомая арганізацыяй такога кшталту правакацыяў», і заклікалі дамагацца таго, каб увесь Эўразвяз выказаў Расеі пратэст з-за высылкі Лятэ.

svaboda.azureedge.net