Расея хоча размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю
396-ы дзень вайны. 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».

Па словах Пуціна, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што шэраг самалётаў беларускіх ВПС пераабсталявалі і яны могуць несці ядзерныя ракеты. Пуцін удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць. Як вынікае з ягоных слоў, рашэнне размясціць ядзерную зброю ў Беларусі было канчаткова прынятае пасля таго, як Вялікая Брытанія заявіла аб намеры прадставіць Украіне снарады са збедненым уранам. Пуцін дадаў, што 3 красавіка Масква пачне навучаць беларускія экіпажы рабоце з пераабсталяванымі для прымянення тактычнай зброі самалётамі.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык даў каментар „Белсату” з гэтае нагоды: «Гэтая заява азначае, што Пуцін хоча далей палохаць увесь свет, трымаць у напружанні. Я не думаю, што Пуцін здольны выкарыстаць такую зброю, але ўзровень небяспекі становіцца значна вышэйшым. І трэба будзе нешта нам рабіць, бо гэта ўжо зусім нядобра. Калі на гэта ідзе Лукашэнка, то ён падвяргае вялікай рызыцы народ Беларусі, і ён павінен за гэта адказаць. Гэта адназначна эскалацыя канфлікту».
Беларускае Радыё Рацыя
