Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне, у тым ліку па Кіеве (абноўлена)
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што дамовіўся з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам аб неабходнасці тэрмінова правесці нараду лідараў “Групы сямі” (G7) для абмеркавання сітуацыі ва Украіне пасля масіраванай расейскай ракетнай атакі. Нямеччына старшынюе ў “Сямёрцы”, у якую ўваходзяць ЗША і іншыя найбуйнейшыя краіны Захаду. Прадстаўнік ураду Нямеччыны паведаміў, што тэрміновая нарада адбудзецца ў аўторак, 11 кастрычніка.
Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўразвяз разгледзіць пытанне аб увядзенні новых санкцый супраць Расеі, а кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу Жазэп Барэль паабяцаў Украіне дадатковую ваенную дапамогу.
* * *
Амбасада ЗША адрэагавала на ракетны абстрэл Украіны і заклікала сваіх грамадзян эвакуіравацца.
“Масавыя ўдары сёння раніцай у цэнтры Кіева і па ўсёй Украіне. Расея ўзмацняе шквал нападаў на мірных украінцаў”, — падкрэсліла амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк. Пасольства таксама заклікала амерыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, па магчымасці эвакуіравацца.
“Удары Расеі, якія працягваюцца па Украіне, уяўляюць прамую пагрозу цывільнаму насельніцтву і цывільнай інфраструктуры. Амбасада заклікае грамадзян ЗША схавацца на месцы абор пакінуць Украіну, выкарыстоўваючы прыватныя варыянты наземнага транспарту, калі гэта будзе бяспечна”, — гаворыцца ў паведамленні дыпламатычнага ведамства.
* * *
У сённяшняй атацы на ўкраінскія гарады Расея выкарыстала высокадакладныя ракеты. Пра гэта паведаміў спікер камандавання Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. “Сёння ўжо маем 83 ракеты, якія прыляцелі па нашай дзяржаве, па стане на 11:40 збітыя больш за 43 ракеты. Праца СПА — даволі надзвычайныя паказчыкі.
Вораг прымяняе высокадакладныя ракеты Х-101, Х-555, якія запускаюць са стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў з Каспійскага рэгіёна, а таксама ракеты “Калібр” з Чорнага мора, таксама “Іскандэр”, С-300 і “Тарнада”.
Па словах Ігната, расейскія самалёты выляталі з раёна Астрахані, заляталі на поўнач Каспійскага мора і адтуль ажыццяўлялі пускі. Ракеты Х-101 могуць пераадольваць адлегласць 5 500 кіламетраў.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў ранішнія ўдары па ўкраінскіх гарадах.
«229-ы дзень поўнамаштабнай вайны. 229-ы дзень нас спрабуюць знішчыць і сцерці з твару зямлі. Ушчэнт. Знішчыць нашых людзей, якія спяць дома ў Запарожжы. Забіць людзей, якія едуць на работу ў Дняпры і Кіеве. Паветраная трывога не сціхае па ўсёй Украіне. Ідуць ракетныя ўдары. На жаль, ёсць загінулыя і параненыя. Калі ласка, не пакідайце месцы для ўкрыцця. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Давайце трымацца і быць моцнымі». Адзначыў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі заявіў, што сёння РФ атакуе дзве мэты ва Украіне: энергетычную інфраструктуру і людзей.
Паводле яго слоў, зараз будуць перабоі з электраэнергіяй, але не будзе ніякіх перабояў з упэўненасцю Украіны ў сваёй перамозе.
ВСУ паведамілі, што сёння па Украіне ўжо было выпушчана 75 ракет, 41 з іх збіта сродкамі СПА.
***
Цярнопальская, Львоўская, Хмяльніцкая, Кіеўская, Мікалаеўская і Днепрапятроўская вобласці — геаграфія сённяшніх расейскіх ракетных абстрэлаў.
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Валер Залужны паведаміў, што расейцы наносяць ракетныя і авіяцыйныя ўдары па ўсёй Украіне, і выкарыстоўвае беспілётныя апараты.
У выніку ракетных атак на Кіеў загінулі 5 чалавек, 12 параненыя. Такія папярэднія лічбы прывёў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Тым часам мэр Кіева Віталь Клічко заклікаў жыхароў украінскай сталіцы не выходзіць сёння ў цэнтр, а жыхароў прыгарадаў Кіева – не ехаць у горад.
Расейскія войскі гэтай ноччу зноў абстралялі Запарожжа, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной адміністрацыі Аляксандр Старух. Паводле яго слоў, агулам было нанесена каля 10 удараў.
Пазней Старух удакладніў, што ў выніку быў разбураны шматпавярховы жылы дом, сярод яго жыхароў ёсць пацярпелыя.
– На месцы трагедыі працуюць ратавальнікі, медыкі, усе адпаведныя службы. Людзям аказваецца неабходная дапамога, – напісаў ён.
Сакратар Запарожскай гарадской рады Анатоль Курцеў дадаў, што ў абстраляным доме разбураны цэлы пад’езд і пачаўся пажар. Папярэдні раз расейскія войскі абстралялі Запарожжа ў ноч на 9 кастрычніка. Па дадзеных Паветраных сіл Украіны, па горадзе было выпушчана 16 ракет.
Паводле апошніх звестак, загінулі 13 чалавек, сярод іх 1 дзіця. Яшчэ 89 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, пацярпелі, паведаміў намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка.