Расея не разглядае пытання пра ўвядзенне візавага рэжыму з Беларуссю
Расея не разглядае пытання аб увядзенні візавага рэжыму з Беларуссю. Пра гэта заявіў 16 лютага Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паведамляе расійскае інфармагенцтва ТАСС.
Такім чынам Пяскоў пракаментаваў апублікаваныя Усерасейскім цэнтрам даследаванняў грамадскай думкі (УЦДГД) вынікі сацапытання, згодна з якім 78% рэспандэнтаў заявілі аб неабходнасці ўвесці візавы рэжым з Беларуссю.
Вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага 8—9 лютага ў форме тэлефоннага інтэрв’ю, УЦДГД апублікаваў 16 лютага. У даследаванні ўдзельнічалі 1.200 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў РФ, хібнасць не перавышае 3,5%. У ходзе апытання пераважная большасць рэспандэнтаў выказаліся за ўсталяванне візавага рэжыму з Беларуссю, пагадзіўшыся з думкай, што „Расея не павінна пускаць на сваю тэрыторыю невядомых людзей, якія не атрымалі належнай расейскай візы”.
Высвятляючы меркаванне расіян аб візавай палітыцы Расеі ў дачыненні да Беларусі, удзельнікам апытання нагадвалі, што мяжа паміж двума краінамі прыблізна 20 гадоў існуе толькі фармальна. Рэспандэнтам таксама паведамлялі, што ў пачатку 2017 года Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін і цяпер „гэтыя грамадзяне могуць уехаць у Расею праз Беларусь, не атрымліваючы расейскую візу”.
У выніку толькі 16% апытаных палічылі неабходным захаваць бязвізавы рэжым з Беларуссю, 6% не здолелі адказаць на пытанне. Найбольш актыўна выступілі за ўсталяванне візавага рэжыму маладыя людзі 18—24 гадоў (89%).
Расейцаў таксама спыталі, кім, на іх думку, з’яўляецца Беларусь для Расеі. 40% апытаных назвалі сваю заходнюю суседку дружалюбнай дзяржавай, 35% — гандлёвым і эканамічным партнёрам, 9% — стратэгічным партнёрам, 4% — эканамічным і палітычным сапернікам і канкурэнтам, 3% — верагодным праціўнікам і варожай дзяржавай. Астатнія 9% рэспандэнтаў не вызначыліся ў сваім стаўленні да Беларусі.