Расея не супраць уступлення Украіны ў Еўрапейскі звяз
Расея не супраць уступлення Украіны ў Еўрапейскі звяз. Пра гэта было заяўлена па выніках чарговага раўнда расейска-ўкраінскіх перамоў, якія сёння праходзілі ў Стамбуле. Таксама кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах заявіў, што Украіна адмаўляецца ад імкнення вярнуць Крым і Данбас ваенным шляхам. Украіна, нагадаем, тое самае заяўляла і раней.
Кажа кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі:
– Мы атрымалі пісьмовую прапанову ўкраінскай дэлегацыі, як я разумею, узгодненую з кіраўніцтвам Украіны, якая зводзіцца да наступнага, сцісла: Україна абвяшчаецца пастаянна нейтральнай дзяржавай пад міжнародна прававымі гарантыямі ў мэтах рэалізацыі пазаблокавага бяз’ядзернага статусу. Гэтыя гарантыі бяспекі не распаўсюджваюцца на тэрыторыі Крыма і Севастопаля, а таксама не распаўсюджваецца на тую частку Украіны, якую яна называе асобнымі раёнамі Данецкай і Луганскай абласцей. Україна адмаўляецца ад уступлення ў ваенныя саюзы, ад размяшчэння замежных баз, кантэнгентаў, правядзення ваенных вучэнняў без згоды дзяржаў-гарантаў, уключаючы Расескую Федэрацыю. Са свайго боку Расейская Федэрацыя не пярэчыць імкненню Украіны ўступіць у Еўрапейскі звяз.
Паводле Мядзінскага, пры гэтым Украіна настойвае, каб падпісанне падрыхтаванага пагаднення адбылося пры непасрэдным удзеле Зяленскага і Пуціна. Мядзінскі не выключае гэтага, але адначасна з парафіраваннем дакумента на ўзроўні міністраў замежных спраў. Перамовы працягнуцца 30 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя