Расея па палітычных матывах зняволіла 93 крымскіх татараў
Расея па палітычных матывах зняволіла 93 крымскіх татараў. Пра гэта ў Facebook 20 ліпеня паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.
Яна адзначыла, што сёння мусульмане адзначаюць Курбан-Байрам.
„На жаль, не ўсе яго сустракаюць у коле сям’і і на ўкраінскай зямлі. Тысячы крымскіх татараў былі змушаны пакінуць паўвыспу з-за дзеянняў краіны-акупанта. 93 крымскіх татараў РФ пераследуе па палітычных матывах”, – напісала Дзянісава.
Паводле яе слоў, з іх 78 адбываюць пакаранне на тэрыторыі краіны-акупанта (36 засуджаныя, 42 – знаходзяцца пад следствам).
„Крымскія татары – вельмі стойкі і валявы народ, які змагаецца за права быць вольным і жыць на сваёй Радзіме”, – заявіла Дзянісава.
Беларускае Радыё Рацыя