Расея падтрымала вылучэнне Алены Купчыной на пасаду генсакратара АБСЕ



Міністр замежных спраў Расtйскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў 17 красавіка сустрэўся з паслом Беларусі ў Аўстрыі, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АБСЕ Аленай Купчыной, вылучанай кандыдатам на пост генеральнага сакратара арганізацыі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС РФ, была абмеркаваная праблематыка АБСЕ, уключаючы ход конкурсу на замену яе генеральнага сакратара. „З расійскага боку выказаная падтрымка беларускаму кандыдату”, — заявілі ў знешнепалітычным ведамстве Расіі.

Былы намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына была вылучаная кандыдатам на пасаду генеральнага сакратара АБСЕ месяц таму. Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, паўнамоцтвы дзейнага генеральнага сакратара арганізацыі Ламберта Заньера (Італія) заканчваюцца 30 чэрвеня.

„Гэтае рашэнне прадыктаванае шчырым імкненнем Беларусі зрабіць унёсак ва ўмацаванне АБСЕ ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц. У сітуацыі вострых рэгіянальных канфліктаў, росту супярэчнасцяў паміж сусветнымі гульцамі роля Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе зноў вельмі важная”, — заявіў Мірончык.

Паводле яго слоў, Купчына, якая доўгі час займала пасаду намесніка міністра замежных спраў, брала самы непасрэдны ўдзел у рэалізацыі знешнепалітычнай лініі краіны, скіраванай на ўмацаванне бяспекі і стабільнасці ў Еўропе, наладжванне дыялогу паміж Усходам і Захадам, урэгуляванне самых вострых крызісных сітуацый у рэгіёне.

„Лічым, што яе веды, шматгадовы дыпламатычны вопыт і шырокія міжнародныя кантакты будуць карысныя для павышэння эфектыўнасці АБСЕ, вырашэння няпростых задач, якія стаяць перад арганізацыяй, у тым ліку найбольш важнай і складанай — пераадоленне крызісу даверу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі”, — адзначыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

14 сакавіка ў Вене прайшлі першыя слуханні, падчас якіх прэтэндэнты выклалі пастаянным прадстаўнікам дзяржаў-удзельніц свае прыярытэты. „У Алены Мікалаеўны годныя супернікі. Аднак мы ўпэўненыя ў высокіх якасцях свайго кандыдата і спадзяемся на яе прызначэнне”, — заявіў Мірончык.

Заньер з’яўляецца генеральным сакратаром АБСЕ з чэрвеня 2011 года.

5—9 ліпеня гэтага года ў Мінску пройдзе 26-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь