Расея пагражае Беларусі судом
Аднабаковае павышэнне Беларуссю тарыфу на транзіт расейскай нафты з’яўляецца «неймаверным», вырашэнне сітуацыі магчымае праз суд.
Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення кантролю паліўна-энергетычнага комплексу Федэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзмітрый Махонін.
«Магу адразу сказаць, што павышэнне, пра якое мы ведаем (у 1,5 разы), — яно, вядома, неймавернае, паколькі мы павінны разумець, што транзітны паток фактычна не змяніўся», — сказаў Махонін.
Расейскі бок таксама паведамляе, што ня мае афіцыйных матэрыялаў з Беларусі пра тое, што цана змененая.
«З факту мы разумеем, што гэта так і ёсць. А гэта азначае, што фактычна мы маем парушэнне ўсіх палажэнняў нашых дамоўленасцяў міжурадавага пагаднення і методыкі, і гэта значыць, што мы ставім пад вялікае пытанне легітымнасць дадзенай працэдуры», — цытуе Махоніна «РИА Новости».
Раней дарадца прэзідэнта карпарацыі «Транснефть» Ігар Дзёмін назваў парушэннем пазапланавае павышэнне Беларуссю тарыфаў на транспартаванне расейскай нафты.
Ён адзначыў, што пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ад 28 верасня сёлета тарыфы на транзіт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі былі павышаныя ў сярэднім на 50%. Гэтая пастанова набывае моц з 11 кастрычніка 2016 года.