Расея пакуль не адмяняе абмежаванні на свабоднае перасячэнне мяжы з Беларуссю
Расея пакуль не плануе адмяняць абмежаванні на свабоднае перасячэнне беларуска-расейскай мяжы, уведзеныя з-за пандэміі каронавіруса, заявіў пасол РФ Яўген Лук’янаў 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Мяжа да гэтага часу пад той пастановай урада Расеі, якая рэгламентуе права на перасячэнне гэтай мяжы канкрэтнымі выпадкамі. Пакуль гэта пастанова адменена не будзе”, — сказаў ён.
Паводле слоў Лук’янава, транспартныя зносіны паміж Беларуссю і Расеяй будуць аднаўляцца ў залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі ў абедзвюх краінах.
Пасол нагадаў, што пытанне адкрыцця мяжы абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы ў Менску прэм’ер-міністраў дзвюх краін, але рашэнне гэтага пытання не за палітыкамі. „Міхаіл Мішусцін (прэм’ер-міністр Расіі. — БелаПАН.) адзначыў, што, калі Папова (галоўны санітарны ўрач Расеі Ганна Папова. — БелаПАН.) падпіша праект распараджэння аб паслабленнях, тады і ён падпіша. Гэта ў яе кампетэнцыі”, — растлумачыў Лук’янаў.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь і Расея паступова адкрываюць межы, павялічваюць колькасць чыгуначных рэйсаў, аднаўляюць авіязносіны.
У прыватнасці, запушчаны хуткасны цягнік „Ластаўка” (Масква — Менск). „Па „Ластаўках” паказала практыка, што гэтых саставаў аказалася абсалютна недастаткова. Цяпер колькасць вагонаў павялічаная, як я разумею, і колькасць пар будзе павялічвацца”, — сказаў Лук’янаў.