Расея перакінула знішчальнікі і баявыя верталёты ў Беларусь?



Расея перакінула свае ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі Су-27 і баявыя верталёты на авіябазу ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Палітык адзначае, што „Расея вядзе гібрыдную вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Еўропы і Турцыі”.

Паводле яго слоў, „Крэмль не адступае ад сваіх агрэсіўных намераў у дачыненні да Украіны”. „Так, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што ў 2016 годзе РФ узмоцніць сваю ваенную прысутнасць на заходнім напрамку, – паведамляе Турчынаў. – Будуць створаныя новыя ваенныя базы і палігоны, сфармаваныя новыя баявыя падраздзяленні Узброеных сіл РФ. Гэтыя пагрозы ўжо пачалі рэалізоўвацца, і не дзе-небудзь, а ўздоўж украінскай мяжы!”

Турчынаў называе некалькі пунктаў, дзе ствараюцца новыя ваенныя аб’екты: у раёне населеных пунктаў Багучар Варонежскай вобласці і Валуйкі Белгародскай вобласці, у раёне палігона „Кадамаўскі” (Растоўская вобласць). Паводле яго слоў, „для каардынацыі ваенных падраздзяленняў, размешчаных на мяжы з Украінай, у Варонеж перадыслакаваны штаб 20-й арміі Заходняй ваеннай акругі, які да гэтага размяшчаўся ў горадзе Муліна Маскоўскай вобласці”. „Таксама павялічваецца расейскі ваенны патэнцыял у акупаваным Крыме, – паведамляе ён. – На авіябазу ў Бабруйску (Беларусь), якая таксама знаходзіцца ў дастатковай блізкасці ад украінскай мяжы, перакінутыя расейскія ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі СУ-27 і баявыя верталёты”.

„Усё гэта абсалютна дэзавуюе заявы расейскага кіраўніцтва пра дээскалацыю ваеннага супрацьстаяння і мірнае вырашэнне створаных імі ваенных канфліктаў”, – заяўляе кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Разам з гэтым Міністэрства абароны Беларусі катэгарычна абвергла заяву сакратара РНБА Украіны Аляксандра Турчынава.

„Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці”, — заявіў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў.

Нагадаем, у верасні 2015 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС Расеі правесці з Менскам перамовы і падпісаць пагадненне аб размяшчэнні ў Беларусі авіябазы. Праз некалькі тыдняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. „Нам не трэба база сёння, тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраення. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву”, – адзначаў Лукашэнка 6 кастрычніка. Пазней ён неаднаразова закранаў гэтую тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расейская авіябаза Беларусі не патрэбная.

belapan.by