Расея плануе новую вайсковую базу ў Беларусі



Расея хоча доўгатэрмінова замацаваць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі. Расейскі ўрад абмяркоўвае прапанову да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна падпісаць пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю пра расейскую авіяцыйную базу на беларускай тэрыторыі.

aeradrom-baranavichy-tc9o5

Пра з’яўленне такой авіябазы бакі дамовіліся яшчэ ў 2013 годзе, адзначае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін:

– І што будзе база, на якой будзе размешчаны авіяцыйны полк у складзе 24 самалётаў – ударных і тактычных знішчальнікаў. Першапачаткова збіраліся размясціць яе ў Лідзе, пасля – у Баранавічах, а апошняя версія – у Бабруйску. Гэтае пагадненне ўвесь час абмяркоўвалася, але беларускі бок увесь час зацягваў гэты працэс. Відаць, з аднаго боку, гэта было непапулярна сярод насельніцтва, ды і перад выбарамі гэтага не хацелася рабіць. З другога боку, хацелася атрымаць больш нейкіх эканамічных ільгот і прэферэнцый.

Лукашэнка не хацеў уздымаць пытанне авіябазы, каб не даваць дадатковы козыр апазіцыі і не расстройваць грамадства, падкрэслівае Алесін:

– Расейцы адмыслова агалосілі гэта, каб паказаць Лукашэнку, што ён залежны ад Расеі, указаўшы гэтым самым на яго месца. Яны маглі б публічна пра гэта і не гаварыць, бо праект гэтай дамовы яшчэ нават не створаны. Толькі сама ідэя абмяркоўваецца.

Згадкай пра авіябазу Расея праяўляе настойлівасць і нагадвае Аляксандру Лукашэнку, што пасля выбараў яму прыйдзецца з ёй разлічыцца – мяркуе вайсковы эксперт.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя