Расея плануе ўстанавіць міжнародны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю
Расея можа ўстанавіць міжнародны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю ў Смаленскай вобласці. Магчымасць яго стварэння разглядалася на сустрэчы прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева з губернатарам Смаленскай вобласці Аляксеем Астроўскім, паведамляе прэс-служба абласной адміністрацыі.
„Абмяркоўвалася арганізацыя міжнароднага пункта пропуску замежных грамадзян на мяжы Смаленскай вобласці і Рэспублікі Беларусь у пасёлку Чырвоная Горка. Адзначалася, што цяпер замежныя турысты і інвестары не могуць уехаць на тэрыторыю Расіі праз Смаленскую вобласць. Гэты факт самым негатыўным чынам адбіваецца на прыцягненні інвестыцый у рэгіён, а таксама развіцці турыстычнай галіны і міжнароднага супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца таксама, што праз Смаленскую вобласць праходзяць 75% грузаў з Еўропы ў Расею і 35% расейскіх грузаў.
Падчас сустрэчы разглядалася пытанне аб унясенні адпаведных зменаў у пашпарт нацыянальнага праекта (праграмы) „Міжнародная кааперацыя і экспарт” з мэтай увядзення ў эксплуатацыю міжнароднага пункта пропуску „Чырвоная Горка” на тэрыторыі Смаленскай вобласці.
Як раней паведамляў БелаПАН, у пачатку 2017 года стала вядома, што дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў падпісаў тры загады аб усталяванні межаў памежнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю.
У кожным з загадаў кіраўнік ФСБ вызначае новыя рубяжы памежнай зоны — фактычна ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Пагранзона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расейскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат.
Пагранічным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону. Таксама загадана ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.
Устанаўленне Расеяй пагранічнай зоны ўздоўж мяжы з Беларуссю звязвалі з рашэннем афіцыйнага Менска усталяваць бязвізавы парадак уезду ў Беларусь. З 12 лютага 2017 года грамадзяне 80 краін маглі знаходзіцца ў Беларусі без віз на працягу пяці дзён пры ўмове ўезду праз мінскі аэрапорт. У ліпені 2018 года гэты тэрмін быў павялічаны з 5 да 30 дзён.
belapan.by