Расея прапаноўвала Польшчы супольны ўплыў на Беларусь



Расея прапаноўвала Польшчы супольны ўплыў на Беларусь, Украіну і Малдову – пра гэта піша польскае выданне Дзённік Газета Праўна.

Паводле выдання, Масква з 2010 году прапаноўвала былому міністру замежных спраў Польшчы так званы “саюз белых людзей”, “супольныя дзеянні больш цывілізаваных Польшчы і Расеі ў адносінах да Менску, Кіева і Кішынёва”.

Як адзначаецца ў газеце, супольныя дзеянні Масквы і Варшавы ў дачыненні да Беларусі мелі палягаць на супольнай падтрымцы на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Някляева.

Беларускі палітычны эксперт Павел Усаў сумняецца, ці падобныя прапановы мелі месца, бо Расея не хоча нікога ўпускаць у сваю так званую зону ўплыву на постсавецкай прасторы.

– Такія інфармацыйныя ўкіды з боку Масквы альбо з боку агентаў уплыву, якіх даволі шмат і ў Польшчы, і ў Еўрапейскім Звязе, патрэбныя Маскве, каб стварыць унутраную дэкансалідацыю ўнутры Еўрапейскага Звязу, каб еўрапейскія краіны былі не ў стане выпрацаваць адзіную стратэгію ў дачыненні да Расеі ў такія крытычныя моманты, як цяпер. А, па-другое, каб дыскрэдытаваць тых жа самых польскіх палітыкаў.

Напярэдадні ў Польшчы разгарэўся скандал вакол іншага артыкула ў амерыканскім выданні Палітыко ком. у ім выданне цытуе словы Радаслава Сікорскага і паведамляе аб прапанове Уладзіміра Пуціна польскаму прэм’еру Дональду Туску прыняць удзел у падзеле Украіны.

Сам Радаслаў Сікорскі пазней паведаміў, што гэтае пытанне на сустрэчы Туска і Пуціна не ўздымалася.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя