Расея працягвае перакідваць у Беларусь войскі
Раніцай 22-га студзеня Расея пачала перакідваць у Беларусь шматмэтавыя знішчальнікі Су-35. Яны будуць браць удзел у праверцы сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. Галоўная задача знішчальнікаў на цяперашніх вучэннях — адпрацоўка палётаў на максімальную адлегласць.

Таксама ў планах пасадка на беларускіх аэрадромах і падрыхтоўка да паўторных вылетаў разам з мясцовымі вайскоўцамі. Перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь працягваецца ўвесь тыдзень. 21 студзеня паведамлялася, што чыгуначным транспартам ужо прыбылі каля 30 эшалонаў з запланаваных 200.

Два дывізіёны сістэм СПА С-400 едуць у Беларусь з Далёкага Усходу. Таксама будзе перакінуты дывізіён зенітных ракетна-гарматных комплексаў „Панцыр-С”.

Вучэнні „Саюзная рашучасць-2022” пройдуць з 10 па 20 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя
