Расея скасавала ваенныя вучэнні „Захад-2023” у Беларусі?
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі напісала ў сваім Twitter пра імавернасць скасавання Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад-2023», якія павінны былі стаць асноўнымі захадамі падрыхтоўкі Узброеных сіл Расеі на фоне пашырэння НАТА.
Нагадаем, што ад 2010 года Расея і Беларусь у рамках чатырохгадовага цыклу праводзяць вучэнні ў розных рэгіёнах краіны. Апошнія вучэнні адбыліся ў 2021 годзе. Паколькі расейскае ваеннае камандаванне ўважае за прыярытэт супрацьстаянне пагрозе з боку НАТА, то наступныя вучэнні павінны былі прайсці ўжо ў 2023 годзе. Гэтыя вучэнні ў снежні мінулага года анансаваў кіраўнік Генеральнага штаба Расіі Валерый Герасімаў.
Вучэнні «Захад-2021» сталі найбуйнейшымі з савецкіх часоў, адзначаецца ў штодзённай зводцы Мінабароны Вялікабрытаніі.
Як адзначаюць аўтары зводкі, нездавальняючыя вынікі расейскіх вайскоўцаў ва Украіне паказалі, што стратэгічныя вучэнні маюць абмежаваную вучэбную каштоўнасць і ў асноўным носяць паказны характар. Верагодна, Расея скасавала «Захад-2023» праз недастатковую колькасць войскаў і тэхнікі, даступных для ўдзелу ў вучэннях.
У якасці яшчэ адной прычыны магчымай адмены вучэнняў брытанская вайсковая выведка называе крытыку ўнутры Расеі праз правядзенне такога кшталту вучэнняў у ваенны час.
Расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць» у 2022 годзе закончыліся расейскім уварваннем ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Адзначым, што з 1 па 6 верасня ў Беларусі пройдуць вучэнні АДКБ «Баявое братэрства-2023». Апроч таго, дзеля таго, каб апраўдаць знаходжанне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, улады РБ працягваюць «вучэнні» ўзброеных сіл Расеі і Беларусі. Гэтыя «вучэнні» ідуць бесперапынна з 29 красавіка 2022 года. Агульны час гэтых вучэнняў ужо перавысіў 70 тыдняў.
Да таго ж, у вучэннях «Захад — 2017» «перамагла» Вейшнорыя.