Расея спрашчае для ўкраінцаў і беларусаў атрыманне статусу носьбіта расейскай мовы



Дзярждума РФ у сераду на пасяджэнні прыняла ў другім – асноўным – чытанні законапраект аб магчымасці адмены сумоўя для грамадзян Украіны і Беларусі пры атрыманні імі статусу носьбіта расейскай мовы.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць быць прызнаныя носьбітамі расейскай мовы па выніках гутаркі, праведзенай з імі профільнай камісіяй. Такі статус дае магчымасць яго ўладальніку атрымаць расейскае грамадзянства ў спрошчаным парадку.

Згодна з законапраектам, грамадзяне Беларусі і Украіны, якія свабодна валодаюць расейскай мовай, пры падачы асабіста заявы аб прызнанні іх носьбітамі расейскай мовы і пры наяўнасці падстаў, могуць быць прызнаныя камісіяй носьбітамі расейскай мовы без праходжання сумоўя. Пад падставамі маецца на ўвазе тое, што самі заяўнікі або іх прамыя сваякі пастаянна пражываюць або раней пастаянна пражывалі на тэрыторыі РФ альбо на тэрыторыі, якая адносілася да Расейскай імперыі ці СССР, у межах дзяржаўнай мяжы РФ.

Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін раней заявіў, што законапраектам аднаўляецца справядлівасць у адносінах да людзей, з якімі ў грамадзян РФ „агульныя культура, мова і гісторыя”. Ён адзначыў, што законапраект дазволіць суайчыннікам з Украіны і Беларусі пазбегнуць бюракратычнай працэдуры сумоўя на свабоднае валоданне расейскай мовай, каб атрымаць расейскае грамадзянства. Прыняцце закона спросціць гэтую працэдуру для амаль 172 тысяч грамадзян Украіны і 32 тысяч грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расеі і ўжо маюць від на жыхарства, удакладніў старшыня Дзярждумы.

tass.ru

Фота censor.net.ua