Расея – Украіна: праходзіць абмен зняволенымі (абнаўляецца)
Украінскія ўлады паведамілі, што абмен зняволенымі паміж Масквой і Кіевам адкладзены да пачатку верасня. Дакладная дата, калі менавіта адбудзецца абмен, пакуль не называецца. Імаверна, абмен адбудзецца ў фармаце «35 на 35». Вядома, што расейскі бок павінен перадаць 24 маракоў, якіх захапілі ў лістападзе 2018-га ў Керчанскай пратоцы. Паведамляецца таксама, што ў спісе на абмен могуць апынуцца:
Рэжысёр Алег Сянцоў, Павел Грыб, якога расейскія спецслужбы выкралі з тэрыторыі Беларусі, Мікалай Карпюк, член арганізацыі «Правы сектар», Станіслаў Клых, Уладзімір Балух. Кіеў можа перадаць Маскве галоўнага рэдактара выдання «РИА-Новости Украина» Кірыла Вышынскага, якога ва Украіне падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Сам Вышынскі свярджае, што ён не падпісваў дакументы на абмен. Астатніх імёнаў Кіеў не прадставіў. Але са жніўня 2018-га вядомыя імёны як мінімум 31 чалавека, якія напісалі лісты амбудсмэну Украіны і прэзідэнту Расеі з просьбай абмяняць іх на ўкраінцаў, якія сядзяць у расейскіх турмах.
***
09.10. У офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што працэс абмену з Расеяй зняволенымі асобамі працягваецца. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на старонцы ў Facebook.
„Працэс узаемнага вызвалення ўтрымліваемых асоб працягваецца. Інфармацыя пра яго завяршэнне не адпавядае сапраўднасці”, – адзначылі ў прэс-службе. Сітуацыю вакол абмену назвалі інфармацыйным хаосам.
*** Новы генеральны пракурор Украіны Руслан Рабашапка ў сваім фэсбуку паведаміў, што зняволеныя ў Расеі маракі вызвалены. Гутарка ідзе пра 24 украінскіх маракоў, якія гвалтоўна былі захопленыя спецслужбамі пад выглядам расейскіх памежнікаў пасля збройнага нападу ў Керчанскім праліве 25 лістапада 2018 года.
Пазней сваякі маракоў нібыта паведамілі журналістам, што тыя ўжо дастаўлены ва Украіну. Самалёт прызямліўся ў Кіеве. Яшчэ пазней, аднак, гэтая інфармацыя была зняпраўджаная.
Чакаецца, што неўзабаве будуць вызвалены таксама ўкраінскі рэжысёр, палітвязень Алег Сянцоў, Уладзімір Балух, Павел Грыб, Мікалай Карпюк.
Рэжысёр Алег Сянцоў быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабаваў вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Галадоўку Сянцоў спыніў у крытычным стане 6 кастрычніка 2018 года пад пагрозай катавальнага гвалтоўнага кармлення.
Што датычыць Паўла Грыба, то гэты грамадзянін Украіны, быў выкрадзены 24 жніўня 2017 года ў Беларусі ў Гомелі і затрыманы расейскімі ўладамі без якіх-небудзь дакладных абвінавачванняў. Пра знікненне на тэрыторыі Беларусі Паўла Грыба заявіў 28 жніўня 2017 года яго бацька, чалец грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб. Павел Грыб адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі. Малады чалавек планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (Сочы). Яршова пазней прызналася журналістам, што сустрэча была ініцыяваная ФСБ.
Уладзімір Балух і Мікалай Карпюк былі затрыманыя ФСБ. Мікалай Карпюк яшчэ ў 2014 годзе, яго звінавацілі ў злачынствах супраць расейскіх войскаў у час першай вайны ў Чачні.
Афіцыйнага пацверджання пра вызваленне згаданых асоб пакуль няма. Беларускае Радыё Рацыя