Расея ўстанавіла памежную зону на мяжы з Беларуссю



Дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў падпісаў тры загады пра ўстанаўленні межаў памежнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю. Дакументы датаваныя 29 снежня 2016 года, а на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ апублікаваныя 27 студзеня гэтага года.

У кожным з загадаў кіраўнік ФСБ вызначае новыя рубяжы памежнай зоны — фактычна ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Памежная зона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расейскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат.

Пагранічным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону. Таксама загадана ўстанавіць на ўездах у памежную зону папераджальныя знакі.

Да прыняцця гэтага дакумента памежная зона ў Пскоўскай вобласці праходзіла па ўзбярэжжы Пскоўскай-Чудскага возера і ўздоўж сухапутнай мяжы Расеі з Латвіяй і Эстоніяй, а ў Бранскай — вузкай паласой уздоўж мяжы з Украінай. У Смаленскай вобласці, якая цалкам прылягае да Беларусі, памежнай зоны не было зусім.

Устанаўленне Расеяй памежнай зоны ўздоўж мяжы з Беларуссю можа быць звязана з рашэннем афіцыйнага Менска устанавіць бязвізавы парадак уезду ў Беларусь максімум на пяць сутак праз менскі аэрапорт для грамадзян 80 дзяржаў, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і некаторыя іншыя дзяржавы.

Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 студзеня гэтага года — праз 11 дзён пасля падпісання трох згаданых загадаў кіраўніком ФСБ. Аднак у гутарцы з журналістамі 10 студзеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што расійскі бок быў у курсе захаду, які рыхтаваўся беларускімі ўладамі. Адказваючы на пытанне, ці ўзгадняў Мінск свае дзеянні з Масквой, Пяскоў сказаў, што, „паколькі службы [Расеі і Беларусі] знаходзяцца ў пастаяннай і штодзённай каардынацыі, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, тут ніякіх сумневаў быць не павінна”.

У Крамлі рашэнне Менска па частковым спрашчэнні візавага рэжыму назвалі ўнутранай справай Беларусі.

belapan.by