Расея ўвяла эмбарга на тавары з Украіны
Расея ўвяла эмбарга на ўвоз у краіну прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, а таксама сыравіны і харчавання, якія вырабляюцца ва Украіне ці перамяшчаюцца праз яе тэрыторыю. Адпаведную пастанову падпісаў кіраўнік расейскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў.
У прэс-службе ўрада адзначаюць, што Масква можа адмяніць эмбарга, калі Кіеў здыме забарону на ўвоз канкрэтных расейскіх тавараў.
25 снежня ўрад Расеі пашырыў спіс фізічных і юрыдычных асоб Украіны, у дачыненні да якіх уведзены санкцыі. У новы спіс дададзеныя 245 чалавек і сем кампаній. Усяго ў ім цяпер 567 чалавек і 75 кампаній.
У лістападзе 2018 года Расея ўвяла спецыяльныя эканамічныя меры ў дачыненні да 322 грамадзян і 68 кампаній з Украіны. Контрсанкцыі, як вынікала з указа, які 22 кастрычніка падпісаў Уладзімір Пуцін, будуць адменены толькі пасля таго, як Украіна таксама адменіць санкцыі ў дачыненні да грамадзян і юрыдычных асоб Расейскай Федэрацыі.
Украіна ўвяла супраць Расеі санкцыі ў 2014 годзе пасля анексіі Крыма і пачатку канфлікту ва Усходняй Украіне. Усяго ў санкцыйных спісах значацца 786 юрыдычных асоб і 1759 фізічных, у тым ліку алігархі Алег Дзерыпаска, Віктар Вексельберг і кіраўнік „Газпрома” Аляксей Мілер.
У ліпені 2018 года, Кіеў таксама дадаў у санкцыйны спіс расейскія партыі, Цэнтральную выбарчую камісію (за правядзенне выбараў у Крыме) і сем’і Ратэнбергаў. Апошнімі, каго закранулі абмежаванні, сталі расейскія кампаніі, якія гандлююць з так званай „ЛНР” і возяць грузы праз закрытыя пункты пропуску ( „РЖД Лагістыка”, ТАА „Промкомплекспласт”, ТАА „Газголдер” і іншыя).