Расея ўвяла санкцыі супраць КНДР



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб абмежаванні супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй.

У апублікаваным 16 кастрычніка дакуменце гаворыцца, што абмежавальныя меры ўводзяцца для выканання рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 2321 ад 30 лістапада 2016 года, якая была прынятая ў адказ на правядзенне КНДР ракетна-ядзерных выпрабаванняў, паведамляе «Коммерсант».

Прэзідэнцкі ўказ загадвае ўсім расейскім дзяржустановам, прамысловым, гандлёвым, фінансавым, транспартным прадпрыемствам спыніць навукова-тэхнічныя сувязі з КНДР. Гаворка ў асноўным ідзе аб супрацоўніцтве ў галіне ядзернай навукі, аэракасмічным машынабудаванні і авіяцыйнай тэхніцы.

Дакумент таксама вызначае пералік матэрыялаў, тэхналогій і прадукцыі, пастаўка якой у КНДР забаронена. Абмежаванні закранулі і некаторых прадметаў раскошы, у тым ліку дываноў і габеленаў коштам больш за $ 500, а таксама посуду з фарфору або касцянога фарфору коштам больш за $ 100.

Абмежаванні таксама ўводзяць забарону на выкарыстанне ў Расеі нерухомай маёмасці КНДР, акрамя звязанай з дыпламатычнай і консульскай дзейнасцю. Пры гэтым банкаўскія рахункі паўночнакарэйскіх дыппрадстаўніцтваў у Расеі будуць скарочаныя да аднаго. Акрамя таго, уводзяцца абмежаванні на ваенна-тэхнічнае, гандлёва-эканамічнае, адукацыйнае супрацоўніцтва з Пхеньянам.

Нагадаем, 15 верасня Паўночная Карэя правяла новы запуск балістычнай ракеты. Снарад праляцеў над Японіяй і ўпаў у Ціхі акіян. Савет Бяспекі ААН правёў нараду, падчас якога аднагалосна асудзіла выпрабаванні. Пры гэтым рэзалюцыя 2321 была прынятая Саветам Бяспекі ААН 30 лістапада 2016 года. У дакуменце выказваецца заклапочанасць запускамі Пхеньянам балістычных ядзерных ракет. Рэзалюцыя таксама агаворвае, што ўсім дзяржавам ААН варта прыпыніць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з асобамі і кампаніямі, якія афіцыйна ўяўляюць КНДР, акрамя абменаў у галіне медыцыны.

ej.by