Расея забароніць уезд замежнікам праз Беларусь



У дачыненні да замежнікаў, якія перасякаюць мяжу Расеі і Беларусі, могуць прымяняцца санкцыі, бо на ёй няма міжнародных пунктаў пропуску, папярэдзіла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава.

stop

„Як вядома, цягам многіх гадоў замежныя грамадзяне свабодна перасякалі расейска-беларускую мяжу, не праходзячы пашпартны кантроль. Гістарычна так склалася, што на хвалі інтэграцыйнага збліжэння РФ і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы пытанне пра абсталяванне расейска-беларускай мяжы не ўздымалася. Аднак цяпер сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася, рэзка ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі,” – сказала Марыя Захарава.

Паводле яе слоў, расейскімі кампетэнтнымі органамі на гэтым участку мяжы рэгулярна затрымліваліся асобы, якія не мелі падстаў для ўезду ў РФ і ўяўлялі пагрозу бяспецы. Паводле дыпламаткі, дзейнае заканадаўства прадугледжвае ўезд іншаземцаў на тэрыторыю Расеі толькі праз міжнародныя пункты пропуску.

«На расейска-беларускай дзяржаўнай мяжы міжнародныя пункты пропуску адсутнічаюць. У сувязі з гэтым памежны кантроль асобаў і транспартных сродкаў на гэтым участку дзяржаўнай мяжы не ажыццяўляецца. Цяпер расейскімі ведамствамі вядзецца актыўная праца па пошуку выхаду з сітуацыі, якая склалася,» — цытуе «РИА Новости» Захараву.

Фота public.superjob.ru